Снег у Беларусі традыцыйна стаў нечаканасцю для ўладаў. На барацьбу са стыхіяй кінутыя не толькі камунальнікі, але і лекары, працоўныя і нават школьнікі. Чаму ўлады не спраўляюцца са снегам, які выпадае кожную зіму ў Беларусі? І што можна было б змяніць для паляпшэння сітуацыі? На гэтыя і іншыя пытанні адказвае ўрбаніст Яўген Меркіс у гутарцы з Юліяй Сівец.

РР: У Беларусі кожны год выпадае снег, але для ўладаў гэта заўжды нейкі калапс. Чаму так адбываецца?
Яўген Меркіс: Тут цэлы комплекс прычын ужо назапашаных і дапушчаных раней памылак, і нежадання на сур’ёзным узроўні іх выпраўляць. Гэта звязана і з тым, што адчуваецца недахоп рук. Прыборкай снега вельмі часта займаюцца людзі з нізкай кваліфікацыяй, гэта малааплатная праца. Гарадскім камунальным службам даводзіцца вельмі часта ўручную неяк арганізоўваць прыборку снега. Канешне, спрацоўвае яшчэ і залішняя бюракратызацыя ўсяго гэтага працэса, таму што аператыўна наладзіць гэта ўсё, прыняць дзесьці самастойнае рашэнне не выпадае на рэгіянальным роўні, заўжды трэба нейкая каманда зверху, заўжды трэба, каб нехта даў адмашку, яна часта паступае занадта позна і ў выніку пачынаюцца гэтыя адставанні.
Канешне ж, вельмі сур’ёзны недахоп грошай адчуваецца, з-за гэтага ў нас слабаватая матэрыяльна-тэхнічная база, месцамі прымяняецца тэхніка, якую не варта выкарыстоўваць, калі вялізныя трактары ў нас расчышчаюць маленькія вулачкі, дзе трэба было б даўно ўжо набыць больш сучасную тэхніку. І канешне няма, як мне здаецца, нейкага запланаванага сцэнара, то бок, няма алгарытма, што рабіць у такіх выпадках, калі заўжды трэба склікаць нейкі штаб па вырашэнні сітуацыі і проста ісці на сапраўдныя змаганні. І тут канешне сказваецца яшчэ і сам мабілізацыйны прынцып арганізацыі шмат якіх актыўнасцяў на дзяржаўным роўні, які быў закладзены яшчэ за савецкімі часамі, калі кожнае дзеянне ўлады мусіць выглядаць як змаганне – са стыхіяй, за ўраджай, за падвышэнне вынікаў якасці працы. І ў выніку, здавалася б, зіма ў нас кожны год здараецца, і снег выпадае, але гэта кожны раз павінна быць змаганнем з сусветным злом. Нібыта мы ніколі не ведалі, што наступіць зіма і выпадзе снег.
РР: Кожны раз у нас гэта нібыта вораг, з якім усёй нацыяй трэба змагацца. Гэта слабасць дыктатуры ці гэта чарговая спроба неяк ідэалагічна падвысіць сябе?
Яўген Меркіс: Гэта сукупнасць усяго гэтага, то бок, гэта і добрая нагода паказаць сябе і гэта адзіны спосаб камунікацыі з насельніцтвам, паколькі ўсе астатнія спосабы ўзаемадзеяння вельмі абмежаваныя. То такім чынам улады як бы спрабуюць чарговы раз паказаць, што вось, для чаго мы патрэбныя. Бачыце, калі б мы зараз не распачалі кампанію змагання са снегам, то без нас зусім быў бы калапс. А тое, што такі падыход менш эфектыўны, чым іншыя падыходы, гэта ўжо ніхто абмяркоўваць і не бярэцца. А зараз гэта яшчэ і небяспечна стала ў Беларусі.
Цалкам гутарка:
Беларускае Радыё Рацыя






