Чытаю ў стужцы навінаў: «В Беларуси запрещают рекламу учебы и работы за границей, но разрешают рекламировать алкоголь на ТВ». Іду па спасылцы, там нюансы, але сутнасць адна – у лукашыстаў нявыкрута. Вось пра яе і пагаворым.
У якасці ілюстрацыі да ідэалогіі лукашызму можна прывесці вельмі папулярны ў свой час анекдот, які сканчаецца такімі словамі, даю прыстойную версіі. Сын дастае бацьку рознымі пытаннямі, але ўрэшце бацька не вытрымлівае, і кажа: «Сынок, пі, і не разумнічай».
Тут жа згадаю вельмі знакавыя словы міністра ўнутраных справаў у 2020 годзе Юрыя Караева. Злітыя інфапартызанамі словы пра тое, што беларусы былі «пакорным народам».
У людзей з прымітыўнымі мазгамі, якімі атачыў сябе Лукашэнка, і ўяўленні пра жыцці не складаныя. Вось пакорныя авечкі, мы іх пасвім, яны даюць нам магчымасць атрымліваць прыбытак, хто бунтуе – жорстка караецца.
Роля алкаголю ў фармаванні звычкі да пакорнасці досыць значная.
А тут вырасла генерацыя, якая нагледзелася гэтых усялякіх ютубаў, якія прапагандуюць здаровы лад жыцця, самастойнасць ва ўчынках, і незалежнасць ад дзяржавы. Ніяк не падыходзяць да катэгорыі «пакорнага народу» у тэрміналогіі прафесійнага турэмнага наглядчыка Караева.
З іншага боку Лукашэнку было прыемна, што Беларусь пад ягоным кіраваннем выйшла ў пяцёрку ІТ-краінаў свету. Тут праўда ёсць нюанс: ІТ развілося не дзякуючы, а насуперак Лукашэнку.
Адзін з тэзісаў пра Беларускую рэвалюцыю 2020 году ў тым, што на пратэст першыя тры дні выходзілі людзі з генерацыі, якія прыклалі ўсе намаганні, каб не залежыць ад дзяржавы. Гэта акурат тыя самыя айцішнікі, і прафесіі, якія былі прастымуляваныя ІТ-грашыма. То бок, Лукашэнка, а тым больш зграя «караевых», ім быў і былі не патрэбныя.
Без людзей з высокай сучаснай адукацыяй і кваліфікацыяй Беларусь пры Лукашэнку скатваецца назад да росквіту брэжнеўскага застою. Адно што пра крадзяжы на прадпрыемствах мы пакуль не чуем. Можа няма куды прадаць тыя «народныя багацці».
Такая нявыкрутка. У ідэале грамадзяне мусяць быць пакорным насельніцтвам без думак ды ініцыятываў. Але без адукаваных людзей, здатных на самастойныя рашэнні не будзе эканамічнага развіцця.
Калі б не палітзняволеныя ў лукашэнкаўскіх турмах, сказаў бы «набіраем папкорну», і назіраем як развальваецца лукашэнкаўскае «працвітанне».
Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя