25 чэрвеня ў Берасцейскім абласным судзе пачнецца разгляд яшчэ адной крымінальнай справы ў фармаце «спецыяльнай вытворчасці». Пра яе паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».

Гэтым разам будуць судзіць завочна:
Вераніку Цапкалу, жонку і лідарку штабу Валерыя Цапкалы на прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі 2020 году, пасля нерэгістрацыі мужа яна стала прадстаўніцай аб’яднанага штабу Ціханоўскай,
Анатоля Котава — палітолага, былога супрацоўніка Адміністрацыі Лукашэнкі,
Вольгу Карач — кіраўніцу Міжнароднага цэнтру грамадзянскіх ініцыятываў «Наш дом»,
Яўгена Вільскага — выканаўцу абавязкаў старшыні беларускай сацыял -дэмакратычнай партыі «Народная грамада»,
Вадзіма Дзьмітранка — архітэктара, які раней быў асуджаны на 3 гады «хіміі» за ўдзел у акцыі памяці Рамана Бандарэнкі на плошчы Перамен 15 лістапада 2020 году.
Працэс будзе весці суддзя Андрэй Лешчанка. Фігурантаў справы абвінавачваюць паводле пяці артыкулаў, у іх ліку «змова або іншыя дзеяньні з мэтай захопу дзяржаўнай улады» і «паклёп на Лукашэнку».