BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

“Царква дапамагае людзям перажыць цяжкасці эміграцыі”

Пасля 2020 года колькасць беларусаў, якія апынуліся ў эміграцыі, значна вырасла. Лічыцца, што краіну пакінула не менш за 700 тысяч чалавек. Значная частка з іх – гэта праваслаўныя паводле веравызнання. Аднак, у адрозненні ад эміграцыі пасля 1945 года, зараз мала дзе ўдалося арганізаваць уласнае рэлігійнае жыццё. Пра праблемы стварэння беларускіх праваслаўных грамадаў Юрка Ляшчынскі паразмаўляў з айцом Георгіем Роем.

Айцец Георгій Рой

РР: Вы доўгі час былі бацюшкам на Гарадзеншчыне, у Гародні. Цяпер – у дыяспары.  Ёсць розніца сярод вернікаў тут і на Бацькаўшчыне?

Айцец Георгій Рой: Каласальная розніца. Грамада жыве зусім па-іншаму. Мы – эмігранты. Ёсць вялікая розніца, калі грамада складаецца з людзей, якія грамадзяне гэтай краіны, аўтахтоны, мы жывём на сваёй зямлі і ў сваім краі – гэта адна сітуацыя. А калі людзі адарваныя ад сваёй Радзімы, калі людзі ў эміграцыі, калі людзі вымушаны змагацца за выжыванне, вымушаны адаптавацца – тут зусім іншая сітуацыя. І з пункту гледжання пастырскай, святарскай апекі людзей – гэта зусм іншае. Зусім іншы спектр праблем, задач, выклікаў, якія стаяць. І таму ўсё інакш. Тут, у Вільні, мы не маем свайго храма. Мы арэндуем памяшканні. Адзін з пакояў у нас адаптаваны пад капліцу, і мы там збіраемся на нашыя літургіі. І месца нам мала, бо памяшканне невялічкае. І таму служым дзве літургіі ў нядзелю, каб усе жадаючыя маглі памаліцца. Зразумела, што такая каплічка ў звычайным пакоі – гэта не тая царква, прыгожая, велічная. Але разам з тым адчуваецца дух сямейнасці. Гэтая літургія бліжэй да грамады, бліжэй да людзей. Ёсць свае плюсы, свае мінусы, свае асабівасці, але тут жыццё парваслаўнай гарамады зусім іншае.

РР: Значыць, ёсць большая прывязанасць вернікаў да царквы?

Айцец Георгій Рой: Сапраўды так, бо многія людзі адарваныя ад сем’яў. Многія людзі не могуць вярнуцца ў Беларусь, большасць нават нашых вернікаў. І грамада становіцца такой сапраўды сям’ёй. І да нас нават прыходзяць не толькі веруючыя людзі, але і тыя, хто кажа, што яны атэісты. Але прыходзяць, бо яны адчуваюць сябе як у сямейным коле. І вось у нас заўсёды ёсць літургія і пасля літургіі мы збіраемся на сябрыну, разам ямо, размаўляем. Так, для людзей царква мае велічэзнае значэнне, гэтыя сустрэчы хрысціянскія, літургіі, сябрыны дапамагаюць перажываць цяжкасці эміграцыі. Чалавек адчуе, што ён не адзін, што ёсць браты і сёстры, што мы адзін аднаго падтрымліваем. І гэта вельмі яднае, вельмі лучыць. У гэтым вялікае значэнне.

РР: У Польшчы вялікая беларуская дыяспара. Сярод іх большасць можа праваслаўныя, нават веруючыя людзі, але не заснавалі сваёй царквы. Няма чагосьці такога як у вас у Вільні ці як у эміграцыі ў ЗША. Ці нават ёсць у Бруселі і ў Чыкага прыходы Польскай аўтакефальнай праваслаўнай царквы. А тут няма такой лучнасці.

Айцец Георгій Рой: Па-першае, такая грамада ёсць у Варшаве. Яны збіраюцца на свае беларускія літургіі. Беларуская грамада збіраецца ў храме прападобнага мучаніка Грыгорыя Перадзэ ў Варшаве. І так, ёсць такая праблема. Беласточчына ўсё ж такі не зусім чужына для беларусаў. Бо ўсё ж такі тут жыве таксама шмат беларусаў. І грамады на Падляшшы прымаюць зараз прыезжых беларусаў, эмігрантаў. І можа таму, што заўсёды ёсць магчымасць быць у царкве праваслаўнай, з беларускай ментальнасцю, хай там па царкоўнаславянскі служыцца. І людзі ходзяць у гэтыя цэрквы.

РР: У Беластоку вялікая група эмігрантаў з Беларусі. І тут ёсць пэўная адчужанасць.

Айцец Георгій Рой: Трошкі ёсць. Я з гэтым згодны. Тут патрэбна актыўнасць ад самых вернікаў, эмігрантаў апошняй хвалі з Беларусі. Бо калі ў Варшаве люд аб’яднаўся і сфармулявалі абсалютна дакладна свой запыт і пайшлі ў метраполію, то Мітрапаліт не адмовіў мець беларускую літургію і беларускую грамаду. Я думаю, і ў Беластоку было б таксама. Таму заклікаю слухачоў Радё Рацыя праваслаўнага веравызнання таксама сабрацца і падумаць, і звярнуцца да мясцовага епіскапа, уладыкі Якава, і папрасіць магчымасць, каб служылася літургія па-беларуску. І каб царква таксама дапамагла падтрымліваць гэтую еднасць. Тут праблема ў тым, што людзям самым трэба сказаць, што мы гэтага хочам. І я заклікаю нашых беларусаў, мігрантаў, сабрацца і сказаць пра такое жаданне.

Цалкам гутарка:

Юрка Ляшчынскі, Беларускае Радыё Рацыя