Акцыю “Чарнобыльскі шлях-2025” зладзілі ў Вільні 27 красавіка прадстаўнікі розных структур беларускай дэмакратычнай супольнасці. На плошчу Кудзіркі іх прыйшлі падтрымаць таксама літоўцы і ўкраінцы. На пачатку акцыі была невялікая правакацыя – прагучалі воклічы пра падтрымку Расеі. Але тыя людзі, якія гэта агучылі, хутка рэціраваліся.
На акцыі ўшанавалі памяць ахвяраў Чарнобыльскай трагедыі 1986 года, але таксама згадалі пра небяспеку, якая можа сыходзіць ад нядаўна пабудаванай у Беларусі Астравецкай АЭС.

Кажа палітычны дарадца Святланы Ціханоўскай Аляксандр Дабравольскі:
-Чарнобыльская катастрофа паказала, калі гэта ўсё непразрыста, калі хтосьці кіруе і не думае пра людзей, то такое можа здарыцца. І ў нас ужо ёсць доказ, што гэта можа быць небяспечным. Мяне здзіўляе, што некаторыя людзі кажуць, што гэта ўжо будзе бяспечнай. Мне здаецца, што ўлада, якая не адказвае перад людзьмі і не збіраецца адказваць, вельмі небяспечная сама па сабе. І калі яна стварае такія праекты, то такія праекты таксама небяспечныя.

На акцыі выступіў і ліквідатар аварыі на Чарнобыльскай АЭС спадар Сяргей, які з першага дня аварыі і на працягу 8 месяцаў займаўся дэзактывацыяй людзей:
-У той дзень я быў у Прыпяці і бачыў, як усё адбывалася. Мы раніцай выйшлі на вуліцу, міліцыя была ўся ў масках. А людзей нават ніхто не папярэдзіў. Яшчэ нават на 1 Мая зрабілі мерапрыемства, мітынг, людзей вывелі, але нікога з кіраўніцтва не было на плошчы. Пасля толькі аб’явілі, што на Чарнобылі адбылася аварыя. А быў вельмі спякотны дзень, больш за 30 градусаў.
Падчас акцыі выступалі не толькі прадстаўнікі беларускай дэмакратычнай супольнасці, але таксама Торд Б’ёрк, сябра Рады Міжнароднага бюро міру, эколаг Ханс Хедрых ад імя World BEYOND War і Роланд Рытман прадстаўнік НГА Сябры Планеты.

Акцыя скончылася роварным прабегам ад плошчы Кудзіркі да помніка Маці Чарнобыля ў Вільні.
Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:



































Беларускае Радыё Рацыя