BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

“Чарны” Новы год

Год таму, у Стары Новы год, калі ўкраінцы, нягледзячы на вайну і каб не звар’яцець ад пастаяннага пачуцця страху, селі за святочны стол, РФ нанесла ракетны ўдар па шматпавярховым доме ў Дняпры. Тады загінулі 46 чалавек, сярод якіх шасцёра дзяцей. Амаль 80 чалавек – параненыя.

За год пракуратура расследавала трагедыю і вынесла падазрэнні камандуючым расейскай арміі, якія аддалі злачынны загад. Таксама ёсць канстатацыя факту, што дзяржава-агрэсар свядома выкарыстоўвала зброю па жылых кварталах – гэта ваеннае злачынства.

А ў адпаведнасці з Рымскім статутам і Жэнеўскімі канвенцыямі, такія злачынствы не маюць тэрміна даўніны. Хоць першапачаткова ўкраінскае грамадства і даведалася прозвішчы ваенных злачынцаў у найкарацейшыя тэрміны, усё ж расследаванне патрабавала значнага аб’ёму следчых і працэсуальных дзеянняў. Адным з іх стала стварэнне 3D-мадэлі разбуранага варожай ракетай дома. Гэта было неабходна для дакладнага разумення напрамку палёту ракеты, парадку яе руху і дакументавання наступстваў ваеннага злачынства.

Потым быў вызначаны бартавы нумар самалёта, які выкарыстоўвала РФ для нанясення ракетнага ўдару. А там і крок за крокам выстраіўся ўвесь ланцужок датычных асоб. У памяць пра загінуўшых мясцовыя жыхары на прыпынку насупраць разбуранага дома стварылі імправізаваны мемарыял: неслі кветкі, цацкі і сцягі. Але за месяц да гадавіны трагедыі нехта паздзекаваўся з памяці —мемарыял спалілі. Аматары “русского мира” дапамаглі забойцам знішчыць ахвяр злачынства двойчы.

А прыпынак з мемарыялам былі адноўлены амаль адразу, і ў гадавіну трагедыі там сабраліся людзі і духавенства, каб правесці паніхіду. Цікава, ці не сняцца забітыя ўкраінскія дзеці расейскім катам?

Ліза Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя