Сённяшняя Госця Беларускага радыё Рацыя — гендарная даследчыца, кандыдатка філасофскіх навук Ірына Сідорская. Нядаўні даклад афіцыйнага Менску пра палажэнне жанчын у грамадстве, што прагучаў на профільнай канферэнцыі ў Жэневе, абмяркоўвае з ёй наша карэспандэнтка Алеся Вербаловіч.

РР: Улады выступілі з дакладам у Жэневе, падаецца, абсалютна не прызнаўшы факт наяўнасці дыскрымінацыі адносна жанчын у Беларусі. Як вы лічыце, ці ёсць сапраўды і дзе асноўныя яго праявы?
Ірына Сідорская: Безумоўна ёсць, і тут якую сферу ні вазьмі, мы гэтыя праявы адразу і ўбачым. Нават на самой справе цяжка сказаць, з чаго лепей тут пачынаць. Можа з таго, што няма спецыяльнага закона пра роўныя правы і роўныя мажлівасці для мужчын і жанчын. Бо калі такога закона няма, уся сусветная практыка пра гэта сведчыць, тады ўся барацьба з дыскрымінацыяй застаецца такой палавінчатай, застаецца на словах, вельмі шмат аспектаў гэтай дыскрымінацыі не бачна і г.д.
Вось няма гэтага закона, і няма закона аб прафілактыцы, аб супрацьдзеянні гендарнаму гвалту. Вось гэтыя два галоўныя дакументы, калі іх у дзяржаве няма, то тут зразумела ўсім спецыялістам, што значыць тут шмат праблемаў. Але гэтыя праблемы дзяржава не хоча прызнаваць і тым больш з імі не змагаецца.
А так таксама мы можам узяць любую сферу, любую галіну, напрыклад, сферу занятасці, сферу эканомікі, і мы адразу ўбачым, што жанчыны атрымліваюць заработную плату на 25% менш, чым мужчыны. Ім нашмат складаней знайсці працу, яны марудней прасоўваюцца па кар’ернай лесвіцы, не займаюць высокіх пасадаў. Акрамя таго, у нас ёсць сферы мужчынскія і сферы жаночыя. І жанчыны перш за ўсё працуюць у тых сферах, дзе малыя заробкі, але гэтыя сферы патрабуюць высокай адказнасці, ведаў, кампетэнцыі, намаганняў. Я маю на ўвазе і ахову здароўя, і адукацыю, і сацыяльныя паслугі. Усё гэта жаночыя сферы, а вось мужчыны працуюць у тых сферах, дзе значна большыя заробкі.
Вось гэта адразу першае, што прыходзіць у галаву, а так можна браць, мне здаецца, амаль любы аспект нашага жыцця, і там мы таксама знойдзем гэтую дыскрымінацыю.
РР: Напэўна, тут варта зазначыць, што пасля так бы мовіць першай працы ў жанчын, як правіла, ёсць дома другая.
Ірына Сідорская: Безумоўна, згодная з вамі. Вось гэтае размеркаванне хатніх абавязкаў, сямейных абавязкаў, і гэта амаль заўсёды, ляжыць на жанчыне. За гэта няма ніякай заработнай платы, нават малой, і гэта як быццам бы абавязак жанчыны. Зразумела, гэта не так, і гэта таксама можна гаварыць пра дыскрымінацыю.
РР: Вы згадалі, што ў Беларусі няма закону пра гендарны гвалт, растлумачце тут розніцу паміж хатнім і гендарным гвалтам.
Ірына Сідорская: Напэўна, тут больш агульная назва – гэта гендарны гвалт, але хатні гвалт – гэта значная частка гэтага гендарнага гвалту. Бо на самой справе жанчыне больш за ўсё небяспечна ў сваім уласным доме, сярод сваіх уласных сваякоў, родных. Вось калі для мужчыны ўсе рызыкі перш за ўсё па-за межамі дома, то для жанчыны, гэта, на жаль, вельмі часта і значна часцей, чым ад чужых людзей, менавіта ад блізкіх людзей. Таму хатні гвалт – гэта, напэўна, самая вялікая частка гэтага гендарнага гвалту.
Ірына Сідорская зазначае — сваім выступам і дакладам улады прадэманстравалі поўную няздольнасць прызнаваць наяўнасць рэальнай праблемы.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя
Фота з “Фэйсбука” Ірыны Сідорскай






