Увекавечанне памяці загінуўшых воінаў – важная частка кожнай нацыянальнай культуры. У розных краінах існуюць спецыяльныя даты, унікальныя сімвалы і формы ўшанавання. Як правіла, гэта датычыцца падзей, якія ўжо сталі гісторыяй. Захаванне памяці і славы ў выглядзе мемарыялаў або асобных помнікаў – агульнасусветная культурная традыцыя, якая існуе ў пераважнай большасці краін свету. Ва Украіне, якая ўжо пяты год змагаецца за права жыць, на дзяржаўным узроўні сфармавалася новая практыка – агульнанацыянальная хвіліна маўчання.

Адпаведны закон на пачатку сакавіка падпісаў Прэзідэнт Зяленскі. Як рытуал удзячнасці, павагі і памяці, хвіліна маўчання ўстаноўлена штодня а дзявятай гадзіне раніцы. Гаворка ідзе не толькі пра вайскоўцаў і добраахвотнікаў, якія загінулі, абараняючы Украіну, але і пра медыкаў, валанцёраў, паліцэйскіх, ратавальнікаў, энергетыкаў, журналістаў і мірных жыхароў, якія сталі ахвярамі ўзброенай агрэсіі РФ. Таксама падчас хвіліны маўчання рэкамендуецца спыняць рух транспарту, што выклікала ў людзей неадназначную рэакцыю. Хтосьці лічыць, што гэта лішні пафас: маўляў, удзячнасць і памяць не вымяраюцца хвілінай прыпынку.
Хтосьці кажа, што лепш думаць пра жывых – пра тое, як абараніць іх ад ракет і дронаў. Іншыя цынічна называюць гэта “дрэсіроўкай”, праводзячы аналогію з антыкавіднымі мерамі: маскі, прышчэпкі, хвіліна маўчання. На шчасце, большасць украінцаў разумее, што закон не прымушае літаральна спыніць на хвіліну жыццё краіны, а гаворыць пра правядзенне рытуалу памяці – як напамін аб кошце, якую Украіна штодня плаціць жыццямі сваіх грамадзян. Удзельнічаць у хвіліне маўчання ці не – гэта пытанне асабістага выбару, сумлення і культуры. Немагчыма прымусіць памятаць і ўшаноўваць, бо кожны вырашае, кім ён застанецца ў гэтую хвіліну.
Ліза Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя






