74-гадовы пенсіянер з Мікашэвіч Анатоль Прышчык выйшаў на волю пасля адбыцця 15 сутак арышту ў ізалятары часовага ўтрымання Лунінецкага РАУС. Паводле сына Анатоля Прышчыка Віталя Каліноўскага, хвораму на рак лёгкіх бацьку было цяжка пераносіць жорсткія ўмовы, якія ўжываюцца да “палітычных”, расказвае Віталь Каліноўскі:
– Нічога ў яго не было з бялізны. Ён спаў на голых дошках. Ні коўдры, ні падушкі, нічога. Добра, што ён выйшаў з хаты ў цёплым адзенні, калі яго затрымлівалі, таму было лягчэй. Не было ніякіх прадметаў гігіены. Нічога не прынялі акрамя таблетак і акуляраў.
Паводле Віталя Каліноўскага, двойчы падымалі “палітычных” уначы, каб агучвалі, за якія правіны сядзяць, і тройчы на дзень адзявалі кайданкі на рукі праз “кармушкі”, выводзілі ў калідор для тых самых агучванняў. Арыштавалі і катавалі 15 сутак старога чалавека міліцыянты за лайкі пад матэрыяламі пра Святлану Ціханоўскую ў “Аднакласніках”.


Беларускае Радыё Рацыя






