Каардынацыйная рада Беларусі прыняла зварот аб уключэнні беларускіх грамадзян у спісы на абмен ваеннапалоннымі паміж Украінай і Расеяй. Пра гэта паведаміла “Позірку” прэс-служба намесніка кіраўніка Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Паўла Латушкі. Адзначаецца, што зварот быў прыняты з ініцыятывы кааліцыі “Каманда Латушкі і Рух “За Свабоду”.

Фота: Zelenskiy_official/Telegram
Дакумент, як заяўляецца, зацверджаны “ў сувязі з маючымі адбыцца перамовамі паміж Украінай і Расеяй пры ўдзеле ЗША і ЕЗ аб мірным пагадненні”. Канстатуецца, што многія беларусы “былі затрыманыя за дзеянні ў падтрымку Украіны: за актыўнае выказванне антываеннай пазіцыі, каментары, якія асуджаюць расейскую агрэсію, данаты УСУ і беларускім добраахвотніцкім падраздзяленням, перадачу звестак аб перамяшчэнні расейскай тэхнікі ініцыятыве “Беларускі Гаюн”, а таксама <…> за ўдзел у беларускіх падраздзяленнях у складзе Узброеных сіл Украіны і іншыя дзеянні”.
Паводле звестак праваабарончага цэнтра “Вясна”, за падтрымку Украіны ў Беларусі было ў крымінальным парадку асуджана не менш за 209 чалавек.