У Міністэрстве антыманапольнага развіцця і гандлю запэўнілі, што сёлета навагодні стол беларусаў не будзе даражэйшым за мінулы. Паводле ведамства, шэраг прадуктаў патаннелі і гэтым перакрываюцца падаражэнні ў нейкіх асобных выпадках. Па розных падліках, мінімальны святочны стол для беларускай сям’і абыдзецца ў 145-175 рублёў.
Жыхары Берасцейшчыны распавялі нашаму карэспандэнту, што не плануюць нейкіх багатых страў:
— Усё будзе вельмі традыцыйна, як звычайна. Нельга не заўважыць, што даражэе ўсё. Жыццё даражэе. Стол не шыкоўны будзе, але ўсё роўна я пастараюся крыху зрабіць святочны.
— Ой, я адна жыву. Які навагодні стол? Сыр, гародніна. А з мяса не ведаю што. Ну, я ніколі не рахую. Я проста мяркую, што я магу паставіць і што я магу купіць. І ўсё.
— Апошнія капейкі выцягваем і ўсё купляем. Ад гэтага ніхто не адмаўляецца.
Дарэчы, істотна падняліся цэны на навагоднія карпаратывы. Так месца ў рэстарацыі ці на аграсядзібах у сярэднім вагаецца ад 60 да 450 рублёў.
Беларускае Радыё Рацыя