Святлана Ціханоўская перадала былому прэм’ер-міністру Грэцыі Георгіясу Папандрэу архіўныя матэрыялы пра яго прадзеда. Сустрэча адбылася днямі ў Афінах, распавёў «Позірку» галоўны дарадца Ціханоўскай Франак Вячорка. Прадзед палітыка Зыгмунт Мінейка нарадзіўся ў Беларусі і браў актыўны ўдзел у паўстанні Каліноўскага. Пасля здушэння паўстання ён быў высланы ў Сібір. Адтуль пазней перабраўся ў Грэцыю, дзе таксама ўдзельнічаў у барацьбе за незалежнасць.

«Ціханоўская прывезла былому прэм’еру архіўныя матэрыялы, у тым ліку радавод, фотаздымкі яго продкаў, а таксама матэрыялы пра маёнтак і землі Мінейкаў у Беларусі», – распавёў Вячорка. Па яго словах, Папандрэу вельмі ганарыцца сваім паходжаннем.
Ціханоўская запрасіла палітыка ў Вільню, дзе можна наведаць месцы пахавання яго сваякоў. Яна таксама «выказала спадзяванне, што яны разам змогуць наведаць мясціны Мінейкаў у Беларусі, калі Беларусь стане свабоднай», – адзначыў Вячорка. Ціханоўская таксама падаравала грэчаскаму экс-прэм’еру кнігу мемуараў Зыгмунта Мінейкі «З Тайгі пад Акропаль», выдадзеную на беларускай мове.

Нагадаю, Георгіяс Папандрэу-малодшы узначальваў урад Грэцыі ў 2009–2011 гадах, раней быў міністрам замежных спраў, міністрам адукацыі і па справах рэлігіі. Ціханоўская і Папандрэу ўжо сустракаліся ў Афінах, гэта было ў траўні 2021 года.
Беларускае Радыё Рацыя






