BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

“Ціхія адраджэнцы”: Таццяна Аліхвер (Канапацкая)

Жыццё пражыла цікава і творча. «Галава і рукі мае заўсёды занятыя», любіла гаварыць спадарыня Таццяна.

Першыя раз сустрэліся мы з Таццянай Аліхвер ў канцы 1990-х на акцыі, якую ў Бярозе ладзіла апазіцыя. Прыгожая, стройная светлавалосая жанчына ў прыгожым строі расказвала людзям, якія стаялі побач, нейкі цікавы гістарычны факт. Усе яе ўважліва слухалі. А расказваць яна была майстрыца. Потым яна запрасіла ўдзельнікаў акцыі да сябе на гарбату. А жыла спадарыня Аліхвер у двухпакаёвай хрушчоўцы на першым паверсе ў цэнтры горада. Што мяне ўразіла на першы погляд – гэта прыгожыя клумбы ля дома, на якіх цвілі познія кветкі. На маё пытанне, чыя работа, Аліхвер проста адказала: «Мая». У хаце таксама было поўна кветак, бальшыня з якіх прыгожа цвіла. Кватэра была ў ідэальным стане. Таццяна жыла адна, і яе кватэра стала тым месцам, дзе мы слухалі Віктара Шалкевіча, Валянціна Голубева, Алеся Бяляцкага і іншых знакамітых беларусаў, якія прыязджалі ў Бярозу. Заняткі вольнага ўніверсітэта і нашы дыпломы філаматаў мы атрымалі таксама ў гэтай кватэры.

Пасля сканчэння вольнага ўніверсітэту

Нарадзілася Таццяна Міхайлаўна Канапацкая ў 1943 годзе, на Берасцейшчыне. Даты сапраўднай не запісалі, а потым забылі і запісалі 2 лютага. Хоць, па словах Таццяны Міхайлаўны, яна нарадзілася перад Новым годам. Выходзіць, гадок накінулі бацькі. Таму на помніку надмагільным яна папрасіла даты нараджэння не ставіць.

У сям´і было 7 дзяцей, 6 дзяўчынак і адзін хлопчык. Ішла вайна, было вельмі цяжка пракарміць дзяцей. Але бацькі трымаліся, цяжка працавалі. Калі Таццяне было дзесяць гадоў, памерла маці. Бацька не справіўся сам з дзецьмі, і траіх малодшых, у тым ліку і адзінага сына, аддаў у Тамашоўскі дзіцячы дом. Бацька абяцаў дзяцей забраць, калі крыху ўстане на ногі, але праз 5 гадоў пасля смерці маці памёр. Усе яны пражылі ў дзіцячым доме да таго часу, пакуль не скончылі школу.

Характар «дзетдомаўкі» – жыць па сумленні і праўдзе – застаўся назаўсёды.

У Бярозу прыехала з мужам-музыкантам па накіраванні мужа. Нарадзілі дваіх сыночкаў. Усё было добра, дзеткі падымаліся, Таццяна працавала ў энерганадзоры. Але муж пайшоў з жыцця рана. І прыйшлося хлопцаў гадаваць і ставіць на ногі самой. У галодныя 90-я перайшла на працу на адно з лепшых прадпрыемстваў горада – сыркамбінат. Перад пенсіяй стала сацработнікам. Пасля выхаду на пенсію, хаця яна была добрым работнікам і чарга на яе месца не стаяла, доўга папрацаваць не далі з-за яе поглядаў і грамадзянскай пазіцыі. Таццяна Аліхвер удзельнічала ў акцыях, любіла спорт, хадзіла на суды да паплечнікаў, збірала подпісы за апазіцыйных кандыдатаў, сядзела ў незалежных назіральніках, вяла агітацыйную і інтэлектуальную работу сярод калег па працы і суседзяў.

Пасля выхаду на пенсію энергічная спадарыня Таццяна не сядзела склаўшы рукі. Дача, кветкі, ангельская мова, бо малодшы сын з´ехаў у Амерыку, перачытала ўсяго Шэкспіра, пісала ў незалежную газету «Бярозавы венік» цікавыя матэрыялы, пачала пісаць вершы і пісала іх да канца жыцця:

Мой родны кут, як ты мне мілы,

І дзе знайсці мне тыя сілы,

Каб заступіцца за цябе?

Каб у Беларусь сваю вярнуцца

З душой і моваю сваёй.

Каб у Бярэсці, і ў Гародні,

У Гомлі, Менску і Прыдзвінні

Свяціла веліч нашай Ефрасінні.

2007 г.

апошні верш

Яна напісала ў форме п´есы цікавую гісторыю сям´і з Саболёў, Бярозаўскага раёну і прапанавала яе задарма Купалаўскаму тэатру. Адно помню, што п´есай зацікавіліся і запрасілі бясплатна наведваць іх тэатр.

Яна ўмела шыць цудоўныя коўдры, дарыла іх і прадавала, дапамагаючы сабе матэрыяльна. Цудоўна вязала. За дзень магла звязаць 12 пар шкарпэтак! Усё жыццё вяла дзённікі, пасля смерці ў 2024 годзе засталіся 9 тоўстых дзённікаў. Пачытаць ёсць што, як сказала яе нашмат маладзейшая сяброўка, што дапамагала жанчыне і бескарысліва даглядзела яе. Апошні запіс у дзённіку вершаваны з загалоўкам: Эпітафія надгробная, Зварот у вершаваным выглядзе на беларускай мове да сыноў, якія ўжо жывуць у Амерыцы шмат гадоў. Яна наказвае ім любіць Беларусь, як любіла яе яна.

2023 год

Трэба адзначыць, што яна была інтэлігентным, спакойным чалавекам, моцна далікатным, але настойлівым. Што выяўлялася пад час яе працы ў выбарчых камісіях у якасці наглядальніка і нават аднойчы яе адну з апазіцыі ўзялі членам выбарчай камісіі, пра што чыноўнікі потым моцна пашкадавалі. Лічыла, што на яе жыццё і характар паўплывалі шляхецкія гены. Яна даведалася з архіва, што яе род належыць да шляхты, чым моцна ганарылася. І лічыла, што яе сёстры і брат, якія не згубіліся ў жыцці, за іх было б не сорамна бацькам, толькі дзякуючы шляхецкім генам.

Зышла ў лепшы свет Таццяна Аліхвер годна, як і жыла.

Мы яе паплечнікі і аднадумцы моцна шкадуем.

Ганна Васілевіч, Беларускае Радыё Рацыя