Аляксандар Талерчык Сямёнаў сын (Парэчча, Слонімскі р-н,1932-2016, Гародня)
Тамара Талерчык Васілёва дачка, з роду Падкевічаў (Пятралевічы, Слонімскі р-н, 1935 – 2012, Гародня).
Сужонства Талерчыкаў – Аляксандар і Тамара: іх шмат хто з беларускай грамады Гародні ўспрымаў за адну з найпрыгажэйшых сталых параў абласнога цэнтра. Шчырыя патрыёты, прынцыповыя і інтэлігентныя. Гэта былі сціплыя людзі, не дазвалялі сабе катэгарычнасці, узважлівыя, якія ведалі цану свайму слову.
Аляксандар большую частку працоўнага жыцця аддаў сельскай гаспадарцы, а Тамара, ягоная жонка – выкладаннем нямецкай і ангельскай моваў. Прафесійна, апошняе дзесяцігоддзе свайго жыцця, спадар Аляксандар займаўся выкананнем праектаў па экалогіі, быў дасканалым адмыслоўцам. Меў вялікі аўтарытэт у гэтай галіне. Як і пераважная большасць беларусаў, якія паходзяць з эпохі камуністычнага панавання, адкрываць праўду пра сваю гісторыю, культуру, нацыянальна выспяваць, яны пачалі толькі з паслабленнем ціскоў таталітарызму. Тады Аляксандар і Тамара ўключыліся ў адбудову свайго, нацыянальнага, збіраючы па каліўцы расцярушыныя нацыянальныя скарбы. Натуральна, што перш цікавіла Талерчыкаў іх родная Слонімшчына, скуль іх род, а таксама справа беларушчыны ў роднай ім Гародні. Мяркую, вельмі міла іх сэрцу было жыць на вуліцы Кастуся Каліноўскага, адной з нешматлікіх вуліцаў, без варожага ці чужога нашаму народу падтэксту.
Многія беларусы знайшлі сваіх аднадумцаў у канцы 1980-х гадоў, у клубе «Паходня», сапраўдным «адпраўным пунктам» на шляху да вяртання Беларусі на высокі пасад самадастатковых нацыяў. Туды далучылася й сужонства Талерчыкаў. Тамара Талерчык была пачынальніцай Таварыства Беларускай Школы ў Гародні. Яна была рухавіком таварыства. Тады ў яго ўвайшлі дырэктар СШ 26 – Валянцін Шаўцоў, дырэктар СШ5 – Анатоль Прысяч, Мікалай Мельнікаў – дырэктар вольнага музея Васіля Быкава.
Аляксандар Талерчык актыўна дапамагаў сваёй жонцы Тамары хадзіць па школах, пісаць заявы, звароты: каб беларуская школьная адукацыя набыла нацыянальны і паўсюдны змест і якасць. У іх працы выяўлялася сямейная гармонія і зладжанасць думак, намераў і дзеяў.
Сужонства Талерчыкаў вызначалася зацятасцю ў Беларушчыне: разам хадзілі па кватэрах да бацькоў, запрашаючы аддаць іх дзетак у беларускія групы дзіцячых садкоў, беларускія класы школаў. Колькі каштоўных высілкаў гэтых светлых беларусаў было «выкінута на пясок», калі глядзіш на сучасны стан зрусіфікаванай сістэмы выхавання нашай моладзі і дзяцей, за праўленнем узурпатара.
Аляксандар Талерчык разам з Аляксандрам Місцюкевічам, як сябры Таварыства Беларускай мовы, правялі вялікую працу, каб аднавіць занядбаную магілу Антона Валынчыка, хоравога дырыжора, выкладчыка педінстытута, шчырага беларуса, які ня меў сваякоў, а Купалаўскі універсітэт, які мусіў бы дбаць пра заслужанага дзеяча культуры, свайго мінулага выкладчыка, нічога ў гэтай сферы не рабіў. Штуршок гэтых двух ціхіх адраджэнцаў, іх звароты ў аблвыканкам, меў эфект. Цяпер на могілках «Сакрэт» помны знак Валынчыку, зроблены з мікашэвіцкага граніту, за кошт дзяржавы, прастаіць яшчэ дзясяткі год, а не знікне ў нябыце.
З характару Аляксандра Талерчыка вылучалася тое, што сваю думку, як інтэлігент, ён даводзіў мякка і адстойваў яе, абгрунтоўваючы аргументамі, нават, калі яна не супадала з меркаваннем большасці.
Значныя высілкі прыкладаў Аляксандар Талерчык увекавечанні гістарычнай памяці нацыянальнага героя Міхала Валовіча, прадстаўніка вядомага вялікалітоўскага (беларускага) роду магнатаў і рэфарматараў, удзельніка вызвольнага паўстання 1830-1831 (у Беларусі 1831-1833) гадоў. Важна для спадара Алясксандра было тое, што Міхал Валовіч яго зямляк – нарадзіўся ў Парэччы на радзіме Талерчыка.
Як расказваў мне спадар Аляксандар, да тэмы Валовіча, яго вяла працяглая праца ў архівах, пошукам інфармацыі пра славутага земляка ён займаўся дзесяць гадоў. Не адно падарожжа давялося рабіць у Віленскі архіў, а таксама шмат вестак пра Валовіча знайшлося ў гарадзенскім архіве. Вельмі трагічная гісторыя была і ў помнага крыжа паўстанцам у вёсцы Парэчча. Таму Аляксандар Талерчык разам з энтузіястамі хацеў ушанаваць памяць Валовіча, які валодаў вёскай, ды нарадзіўся ў ёй. Ён даследаваў і высветліў, што спробы ўшанавання былі і раней, яшчэ пры Польшчы, у 1933 годзе ў гонар стагоддзя паўстання. На ягонай сяддзібе быў узведзены прыгожы белы мармуровы помнік. Яго ў дзяцінстве яшчэ бачыў спадар Аляксандар. Але ў 1940 годзе бальшавікі яго разбурылі. Разам са слонімскімі патрыятычнымі арганізацыямі, якія існавалі на пераломе дваццатага і дваццаць першага стагоддзяў, Талерчык дамовіўся пра ўзнаўленне помнага знаку Валовічу і паўстанцам за волю Бацькаўшчыны ад расейскага ярма. І таму 4 лістапада 2000 году, якраз на Дзяды, слонімскай спартыўна-патрыятычнай арганізацыяй каля спаленай царквы, на былых уніяцкіх могілках, быў пастаўлены крыж, які асвяціў святар. На крыжы быў напіс: «На ўшанаванне памяці беларускага паўстанца Міхала Валовіча, 1806-1833 год і ягоных паплечнікаў, якія ахвяравалі сваім жыццём у барацьбе за вызваленне Беларусі ад расейскага царызму». Але той помны знак быў знішчаны. І толькі значна пазней удалося атрымаць дазвол у Слонімскім гарвыканкаме, каб усталяваць помнік на парэцкіх могілках. Да апошняга часу, штогод, патрыёты Беларусі, са Слоніма, з Менску, з Зэльвы, з Гародні ў дзень народзінаў Міхала Валовіча збіраліся каля помнага знака.
У Парэччы на магіле Валовіча
Паколькі Аляксандар Талерчык у дзяцінстве быў сведкам пачатку другой святовай вайны, то ён пакінуў багатыя уражанні – успаміны пра чэрвень 1941 году.
Талерчык быў сябрам Беларускага Народнага Фронту за перабудову «Адраджэньне», сябрам, разам з жонкай Тамарай, ТБШ і ТБМ імя Францішка Скарыны. Пад час векапомнага маршу 1996 году на Чарнобыльскім шляху ў Менску пацярпеў ад сілавога нападу на мірную акцыю пратэсту міліцыянтамі.
Перанёс інфаркт.
Сужонства Талерчыкаў – ціхія адраджэнцы, якія рабілі справу Беларушчыны, зацята, сваімі сіламі, розумам, ухваціста, з дабрынёю, пераконвалі ў важнасці ісці беларусам уласным шляхам.
Яшчэ адзін вынік жыцця, шматгадовых краязнаўчых даследванняў – гэта кніжка «Парэчча», пра родны край, багаты болем і радасцю, які цяпер мае ўласную, пісаную гісторыю ад свайго сына – Аляксандра Талерчыка. Спачываюць сужонкі Аляксандар і Тамара Талерчыкі на могілках Авульс пад Гародняй. Адпяваў іх па-беларуску ўніяцкі беларускі святар.
Ясь Зачынскі, Беларускае Радыё Рацыя
Папярэднія выпускі: