BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

“Ціхія адраджэнцы”: Браніслаў Ржэўскі

Браніслаў Ржэўскі, Андрэеў сын (1905-1980), беларускі патрыёт, педагог, пісьменнік, літаратуразнаўца.
У Гарадзенскай рэгіянальнай гісторыі гэтая асоба згадваецца рэдка. А між тым ён адзін з тых, які выявіў сваю любоў да Бацькаўшчыны актыўнымі дзеямі ў абарону святыні нашага народу – мовы. Быўшы выкладчыкам Гарадзенскага педінстытута, ён фармаваў у студэнтах ідэйную платформу шчырага беларускага нацыяналізма. За панаваннем камуністычнай партыі на чале з М. Хрушчовым, людзі жылі спадзевамі на свабоду. Але той, як пераварацень, ад крытыкі Сталіна вельмі хутка «пераабуўся» ў такога самага дэспата і русіфікатара. Таму ня дзіва, што ў пасляваенных местах, вёсках Беларусі, асабліва заходняй яе частцы, працягваўся наступ на ўсё беларускае. Асабліва ён узмацніўся ў час гэтак званай “адлігі”. Менавіта тады, Браніслаў заступіўся за беларускую мову, культуру, напісаўшы адозву да вышэйшага кіраўніцтва рэспублікі. Але гэта было не прастадушшам ды ідэалізмам ў дзеях Браніслава, ён ведаў кошт і адплату за нацыяналізм і адкрытую абарону, таго, што падлягала касаванню ці «зліццю» у моры народаў Саюзу савецкіх рэспублік у адзіны савецкі народ. Рыхтык імперскі наратыў ажыццяўлялі і пасля разбурэння імпэрыі царскай, іншыя «цары» – бальшавікі. Ён ведаў пра парушэнні і несправядлівасць, якія на яго думку павінны былі быць перагледжаны ў Менску і Маскве. Бо хрушчоўская «адліга» выглядала брамай свабоды. Але, за звароты у вялікія кабінеты яго арыштавалі ды засудзілі на сем гадоў мардоўскіх лагераў. Гэта здарылася ў 1957-м годзе.

***
Нарадзіўся Браніслаў у вёсцы Дабрыцкая Барысаўскага раёну Менскае вобласці ў сімвалічны дзень – 25 сакавіка 1905 года.
Закончыў магілёўскі педінстытут, філалагічны факультэт. Адтуль быў накіраваны ў заходнюю частку Беларусі ў Баранавічы выкладаць беларускую і расейскую мовы ў школу.
У час другой святовай вайны ўдзельнічаў у партызанцы. На другі месяц пасля нападу нямецкіх войскаў на Савецкі саюз у яго нарадзілася дачка Генрыета. Нарадзілася яна ў школе на дошцы. А прымаў роды студэнт менскага медінстытута, інвалід па прозьвішчы Круцько, якога па стане здароўя не забралі ў войска.
Паводле ўспамінаў дачкі ў час авіябамбёжак немцамі Берасця і Баранавічаў, яе маці й бацька апынуліся ў вёсцы Скарчава, Гарадзішчанскага раёна, Баранавіцкай вобласці. Маладыя бацькі Алеся і Браніслаў засталіся пад акупацыяй. Маці зарабляла шытвом, а бацька – Браніслаў – зарабляў працай селяніна. А калі арганізавалася група супраціву «Барыса», то ўзначаліў яе, а жонка Алеся стала сувязной партызанаў. Група займалася падрывам нямецкіх цягнікоў у менскім кірунку. Арганізацыйна яна ўваходзіла ў савецкую партызанскую брыгаду імя Суворава. Адначасна Браніслаў рэдагаваў партызанскую газету. Пасьля вайны вярнуўся ў Баранавічы, дзе выкладаў у мясцовым педінстытуце. Стаў кандыдатам філалагічных навук. Даследаў творчасць Максіма Танка.
Але, колькі б ня меў Браніслаў Ржэўскі ў жыцці драматычных падзеяў, гарадзенская драма была найбольш цяжкай.

Браніслаў Ржэўскі ў лагеры

Што стала прычынай таго, што Браніслаў Ржэўскі, стаўшы выкладчыкам гарадзенскага педінстытуту і пазаштатным інспектарам народнай асветы, у рэзкай форме пачаў пісаць лісты ў апошнюю, на яго думку інстанцыю – Урад, Вярхоўны Савет БССР, каб абараніць Беларушчыну ад яе пляжання расейскімі стаўленнікамі? Мяркую, ён цудоўна ацэньваў рызыкі. Таму з сям’ёй не дзяліўся думкамі, праблемамі. Рухала ім нацыянальная ідэя. Ягоныя лісты пра беларускую мову, культуру раслі каранямі ад скаргаў студэнтаў-завочнікаў, якія паходзілі з вёсак, мястэчак. А з імі ён як выкладчык меў акадэмічныя кантакты. А праз іх ён шмат дазнаваўся, як зачыняюцца беларускія школы, як скарачаюць ці замяняюць навучальны працэс з беларускай мовы на расейскую. Ён прадчуваў, што палітыка русіфікацыі, як за расейскімі царамі, гэтак і за камуністымі: ідзе адной каляінай. «Той самы чорт – хоць сабака, хоць хорт.» Ён вельмі з-за гэтага перажываў.
Менавіта тады Браніслаў заступіўся за беларускую мову, напісаўшы адозвы да Вярхоўнай рады БССР, у Акадэмію Навук, ва ўрад. За гэта быў засуджаны на сем гадоў мардоўскіх лагераў. Гэта здарылася ў 1957-м годзе. Помста з боку бальшавіцкай ўлады закранула і яго сям’ю. Але за яго заступіліся былыя партызаны, калектыўнай характарыстыкай, а дачка Генрыета, нягледзячы на супраціў мясцовых начальнікаў ад адукацыі, дзякуючы маці і міністру адукацыі паступіла ў ВНУ у 1958 годзе, калі бацька Браніслаў год ужо быў у зняволенні. Сам Браніслаў прабыў у Мардовіі 4 гады, пасьля чаго – яго вызвалілі.

Дом, у якім жыў Ржэўскі пасля вяртання з савецкага лагера

Вярнуўся да дому ў Гародню незламаным чалавекам. Заставаўся сапраўдным беларускім нацыяналістам. Да апошніх дзён ён застаўся адданым нацыянальнай ідэі. Яму быў ўласцівы творчы, вынаходлівы тып у словазлучэннях, словаўтварэннях, жартах, кепіках. Часта ужываў рыфмаваныя звароты да родных, знаёмых. Меў кола сяброў у Гародні, сярод якіх была сям“я Мельнікавых. Быў вельмі гасцінным гаспадаром. Па натуры быў вясёлым чалавекам, шырокага размаху. «Любіў бяседу. За сталом пагутарыць, ды й паслухаць. Відны быў мужчына – габарытны, моцны. Жанчын любіў ды ім падабаўся» – згадваў сваё знаёмства з ім прафесар Аляксей Пяткевіч.

Ржэўскі з унучкай

Пастановай Пленума Вярхоўнага суда СССР 29-га сакавіка 1990 года Браніслаў Ржэўскі быў рэабілітаваны – пасмяротна. З тых твораў, якія ня былі забраныя КДБ пад час ператрусаў, з яго літаратурнай спадчыны засталася нязначная частка, якая яшчэ чакае свайго часу і публікацыі. Пісаў ў розных жанрах п’есы, апавяданні, вершы. Тэматыка твораў была пераважна сацыяльная. Вайна, становішча ў Заходняй частцы Беларусі пад Польшчай, лірычныя творы.
Але творамі не дзяліўся з іншымі, бо лічыў, што гэта непрафесійна. Хоць пры жыцці дарогу ў друк яму закрылі ўлады.

***
Урывак апавядання “Добрае слова” (1969 год) Браніслава Ржэўскага:
“Ёсьць у людской мове добрае, адменнае слова. Яно святлом сваім роўнае сонцу, а сілай – мацней любога асілка. Яго ўсемагутнае, уладарнае і жыватворнае. Сьляпому – гэта слова дае зрок, глухому – слых, нямому – вяртае мову. А хто трапіў у палон безнадзейнасьці і роспачы, яно вяртае яму веру ў шчасьлівы лёс, дае крылы для ўзьлёту і сталёвую сілу для барацьбы. Добрым словам праводзяць чалавека ў апошні шлях – на могілкі. І я пазнаў моц добрага слова. Пазнаў ва ўсім харастве яго цудоўнай сілы…“

Пахаваны Браніслаў Ржэўскі на могілках «Сакрэт» на самым ўзгорку. Скуль відаць ягоную Гародню.

Ясь Зачынскі, Беларускае Радыё Рацыя

Папярэднія выпускі:

Аляксандр Місцюкевіч

Рыгор Фарманян

Яўген Петрашэвіч

Андрэй Юшкевіч

Тамара і Аляксандр Талерчыкі

Міхась Амялішка

Іван Лепешаў

Надзея Хацяноўская