Госць Рацыі – Алесь Ляўчук – журналіст, фрылансер, да эміграцыі жыў у Берасці, супрацоўнічаў між іншым з “Белсатам”. Цяпер жыве ў Беластоку.

РР: Ведаем цябе як заснавальніка аматарскага футбольнага клубу “Беластоцкія дзікі”. А вось у пачатку снежня ты пачаў свой новы праект DzikMedia. Журналістыка пра людзей і для людзей.
Алесь Ляўчук: Гэта ў тым ліку і пра футбол, гэта пра людзей, пра нашых беларусаў, якія жывуць тут, якія жывуць за мяжой, і тыя, хто застаўся ў нашай краіне. Я проста не хачу, каб транслявалася лукашэнкаўская павестка, якую робіць большасць нашых СМІ. Я проста не магу глядзець, калі кожную раніцу прачынаюся і чую: Лукашэнка, Лукашэнка… Колькі можна? Давайце будзем ствараць сваю павестку без Лукашэнкі і яго чыноўнікаў.
РР: То бок, DzikMedia не абмяжоўваецца толькі Беластокам?
Алесь Ляўчук: Гэта не абмяжоўваецца толькі Беластокам. Гэта пра беларусаў. Дзе ёсць беларусы, там ёсць DzikMedia. Мы распавядаем пра розныя падзеі ў розных гарадах. Сёння ў нас, напрыклад, пра цудоўны фэст культурны, які зараз адбываецца ў Любліне.
РР: Хтосьці можа сказаць, а навошта яшчэ адзін медыяпраект? Чым ён будзе адрозны ад таго, што ёсць і ў Беластоку, і ў другіх гарадах Польшчы, ды не толькі Польшчы?
Алесь Ляўчук: Я думаю, чым больш нашага беларускага голасу гучыць, тым лепш. Гэта мой аўтарскі праект, дапамагаюць мне яго рабіць некалькі чалавек. Але самае важнае, што ён пра беларусаў і ён не транслюе лукашэнкаўскую павестку. Мы самі паказваем, якія выбітныя беларусы, мы расказваем, чаго яны дабіаюцца ў Польшчы. Вось напрыклад, з’ехалі беларсы, зараз у іх вырастаюць дзеці. І дзеці дамагаюцца шмат чаго ў спорце, у мастацтве, у іншых галінах жыцця.
РР: А маеш прыклады канкрэтных дасягненняў?
Алесь Ляўчук: У мяне ў камандзе гуляе чалавек, а яго сын нядаўна перамагае ў польскім турніры па вольнай барацьбе. Даволі шмат цікавага адбываецца, шмат цікавых людзей і моладзі, якія маюць поспехі, а пра іх чамусьці мала пішуць, альбо ўвогуле не пішуць. І таму варта, каб усе ведалі, што беларусы годныя, паспяховыя людзі.
РР: А фінансаванне? Без яго нікуды. Нават калі рэдакцыю складае адзін чалавек, яму дзесьці трэба жыць, аплочваць камунальныя паслугі, есці трэба, а тут яшчэ праект рабіць.
Алесь Ляўчук: Гэта цяжка, пакуль я не маю вялікіх грошай, нават ніякіх грошай з гэтага праекту, але я яго раблю для людзей, раблю яго ў тым ліку і для сябе. Гэта рэальна цяжка без грошай, але я жыву журналістыкай, не магу без яе. Я хачу займацца менавіта гэтым.

РР: Можа нейкім чынам могуць дапамагчы тыя, каму адрасуецца гэты праект, – слухачы, чытачы, падпісчыкі? Ты браў такое пад развагу?
Алесь Ляўчук: Я буду ўдзячны кожнаму чалавеку за кожны грошык. Калі ёсць такая магчымасць дапамагчы, я з удзячнасцю вазьму любую дапамогу і буду вельмі ўдзячны гэтым людзям. Бо Беларусь там, дзе беларусы. І я раблю гэта для беларусаў.
РР: Адзін чалавек можа пацягнуць такі праект ці будзеш шукаць людзей, якія б табе дапамагалі?
Алесь Ляўчук: Я буду рады валанцёрам. Я буду рады людзям, якія вырашаць мне дапамагаць, ужо некалькі людзей мне дасылалі матэрыялы. І я гатовы супрацоўнічаць з усімі разумнымі, дэмакратычнымі, свабоднымі сіламі, з усімі беларусамі. Толькі з беларусамі, хто працуе на Беларусь.
РР: Я так разумею, што ўжо першыя ластаўкі паляцелі, і ўжо штосьці можна ў сеціве знайсці з тваёй працы, я маю на ўвазе DzikMedia?
Алесь Ляўчук: Так, канешне. Гэта тэлеграм-канал, ён так і называецца DzikMedia. Прашу прыходзіць, падпісвацца, каментаваць. Я буду ўдзячны кожнаму. Кожны з вас можа прысылаць нейкія тэмы, ідэі.
Цалкам гутарка:
Гутарыў Міхал Андрасюк, Беларускае Радыё Рацыя






