Ініцыятыва дапамогі экс-палітвязням “Вольныя” працягвае не толькі дапамагаць былым зняволеным, але і знаёміць новую аўдыторыю са сваёй дзейнасцю. Так, з пачатку лета аб’яднанне як ладзіла свае падзеі, так і далучалася да іншых імпрэз, сярод якіх – фэст пад Беластокам “Тутака”.
Пра жыццё ініцыятывы яе каардынатарка – Госця Рацыі – Вераніка Станкевіч распавяла нашай карэспандэнтцы Марыне Савіцкай.

РР.: Чым менавіта апошні перыяд быў адметны?
Вераніка Станкевіч: Ён, напэўна, быў для нас важны з пункту гледжання афлайн- мерапрыемстваў. Лета, лагічна, што ўсе робяць нейкія івэнты, фестывалі, Быў фестываль “Гучна-фэст”, на які мы не трапілі, мы пляцоўкай не размяшчаліся, гэта было ўсвядомленае рашэнне, таму што мы ехалі на “Тутаку”. Для нас быў такі выбар – куды каманда хоча больш трапіць. Таму мы на “Тутацы” месціліся сумесна з камандай “Байсол”, то бок мы дамовіліся пра тое, што мы будзем рабіць агульную пляцоўку, падтрымліваючы былых зняволеных, проста падтрымліваць данаты. Гэта было на самой справе вельмі файна. Вельмі шмат людзей паўдзельнічала, шмат хто цікавіўся, чым мы займаемся, разыгралі вялікую колькасць прызоў за данаты. Гэта было вельмі ярка, хутка, энергічна, ніхто нават не заўважыў, як гэты дзень прайшоў, нягледзячы на тое, што там было спякотна і цяжка працаваць. Таму мы рады, што ў нас была такая магчымасць у цэлым размясціцца і рады “Байсолу”. І дзякуем “Байсол” за тое, што яны пагадзіліся з намі сумесна падзяліць пляцоўку.
РР: Пры гэтым на фэсце “Тутака” было вельмі шмат былых палітзняволеных. Ці камунікавалі вы падчас падзеі, можа нейкія водгукі атрымлівалі?
Вераніка Станкевіч: Не, на самой справе не, было пару нашых падапечных людзей, якія з намі працуюць і ментары. Былі нашы ментары і ментаркі, якія падыходзілі і радаваліся, што мы таксама тут ёсць і г.д.
Мы не бралі, напэўна, гэта мерапрыемства, як такі спосаб камунікацыі з падапечнымі ці былымі палітзняволенымі, гэта хутчэй быў спосаб прыцягнуць новых людзей да нашай актыўнасці, даць ім магчымасць заданаціць, даць ім магчымасць даведацца пра нас, можа, стаць нашымі валанцёрамі. То бок гэта хутчэй было мерапрыемства для пашырэння аўдыторыі. То бок не для кам’юніці нашага, для гэтага адбываюцца іншыя івэнты, а хутчэй для таго, каб паразмаўляць адзін з адным і ўбачыць новых людзей і прыцягнуць да нас.
РР: Таксама ў вас адбылася сустрэча пры ўдзеле Святланы Ціханоўскай.
Вераніка Станкевіч: Так, гэта былі дзве сустрэчы. Першая сустрэча была з гуманітарнымі ініцыятывамі. Святлана Ціханоўская размаўляла з тымі, хто працуе ў Польшчы, займаецца дапамогай беларусам. Мы абмяркоўвалі пытанні, чаго не хапае, чаго б хацелася, як выглядае ўвогуле сітуацыя з легалізацыяй, з гуманітарным фондам, які хутка з’явіцца і будзе аб’яўлены. Па сутнасці проста падзяліліся навінамі, нейкімі праблемамі. Святлана сабе зрабіла паметкі, з якімі яшчэ пытаннямі яна можа пайсці да тых польскіх палітыкаў, з якімі яна вядзе камунікацыю. Гэта была невялікая сустрэча.
Другая сустрэча была з былымі палітвязнямі. Яе арганізоўвалі канкрэтна мы, мы збіралі заяўкі, верыфікавалі людзей, мадэравалі сустрэчу, канкрэтна я мадэравала. Было цікава, файна, на самой справе былыя палітвязні – гэта катэгорыя людзей, якія могуць падзяліцца болем, што з імі адбываецца пасля эміграцыі. Гэта было цікава і пазнавальна нават для нас, нягледзячы на тое, што мы пастаянна вядзём камунікацыю з былымі палітзняволенымі. Усё адно мы даведаліся штосьці новае, новыя нейкія праблемы, нейкія новыя рэчы пра іх стан. Таму гэта было карысна і для нас, і для офіса. Гэта такая сумесная праца. Мы рады ўдзельнічаць у такіх сустрэчах, таму што мы бачым, што тэма былых палітзняволеных становіцца на парадак дня, яна падымаецца нават вышэй, чым некаторыя іншыя праблемы імігранцкія. Таму мы заўжды рады такія сустрэчы мадэраваць, арганізоўваць і ніколі не будзем ад такога адмаўляцца, таму што размаўляць адзін з адным вельмі важна.
Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя






