Амаль год у сталіцы Чэхіі Празе працуе Офіс дэмакратычных сіл Беларусі. Якіх вынікаў за гэты час ён дасягнуў? Якія задачы бачыць цяпер перад сабой? Пра гэта і не толькі кіраўніца Офісу Крысціна Шыянок распавяла нашаму радыё.

РР: Прыкладна год таму ў вас адкрылася прадстаўніцтва ў Чэхіі. Скажыце, калі ласка, што для вас цяпер з’яўляецца найвялікшым дасягненнем, найбольшым поспехам?
Крысціна Шыянок: Насамрэч Офіс дэмакратычных сіл Беларусі ў Чэшскай Рэспубліцы быў зарэгістраваны яшчэ ў дваццаць другім годзе 17 лістапада. Гэта дзень барацьбы за свабоду і дэмакратыю ў Чэхіі і Славаччыне. Мы абралі гэтую дату таму што беларускае змаганне за свабоду і дэмакратыю працягваецца. Потым пэўны час занялі працэсы, звязаныя з пошукам памяшкання з улікам таго, што гэты офіс з аднаго боку мае статус няўрадавай арганізацыі. Мы зарэгістраваныя як інстытут, але дэ-факта выконваем такую прадстаўнічую функцыю дэмакратычных сіл Беларусі, у нейкім сэнсе з’яўляемся альтэрнатыўнай “амбасадай” ці прынамсі інстытуцыяй, якая ёсць альтэрнатывай лукашэнкаўскай амбасадзе ў Празе з улікам гэтага статусу і чаканняў, якія ўскладаліся на пражскі офіс.
Што да такой рэпрэзентатыўнай функцыі, то мы сканцэнтраваліся, сфакусаваліся на некалькіх кірунках дзейнасці. Я, напэўна, пачну з таго, што найбольш хвалюе грамадзян і грамадзянак, – гэта падтрымка ў выглядзе кансультацый і часам у выглядзе пасярэдніцтва ў юрыдычных пытаннях, калі нашы суграмадзяне і суграмадзянкі сутыкаюцца з праблемамі легалізацыйнымі, праблемамі з дакументамі. Мы стараемся, па-першае, рэагаваць на запыты, на тыя пытанні., якія нам прыходзяць на афіцыйны мэйл. А ў некаторых такіх больш крытычных сітуацыях робім фізічныя кансультацыі альбо, у выпадку калі, напрыклад, справа носіць характар абскарджання ў судзе, дапамагаем знайсці адэкватную юрыдычную падтрымку ў Чэхіі. Такая наўпроставая дапамога пражскага офіса, накіраваная таксама на пэўныя мэтавыя групы, каторыя мы ўважаем уразлівымі. На першым месцы тут трэба назваць былых палітзняволеных і сваякоў палітзняволеных, якія апынуліся на тэрыторыі Чэхіі альбо плануюць эвакуацыю, міграцыю, пераезд у Чэхію.
Таксама людзі, якія зазналі пераслед, рэпрэсіі альбо пацярпелі фізічна. Гэта такія асноўныя мэтавыя групы, на каго разлічаная наўпроставая гуманітарная дапамога пражскага офіса. Яна носіць розную форму, часам яна носіць форму ў выглядзе рэабілітацыйных праграм. Напрыклад, гэтым летам мы рэалізоўвалі заняткі арт-тэрапіі для былых палітзняволеных. Гэта быў супольны праект з Цэнтрам беларускай салідарнасці ў Варшаве і іншымі нашымі партнёрамі ў Польшчы і Славаччыне. І гэты праект быў фінансава падтрыманы Вышаградскім фондам. Я спадзяюся, што ён будзе працягвацца, таму што такая патрэба захоўваецца. А таксама гэты праект варта пашырыць на іншыя краіны, дзе на сёння ёсць былыя палітзняволеныя, дзеці палітзняволеных ці блізкія палітзняволеных.
Другі істотны накірунак дзейнасці пражскага офісу – гэта супраца з чэшскімі партнёрамі і з чэшскай палітычнай рэпрэзентацыяй. Тут варта згадаць з апошніх такіх навінаў, што дзякуючы парламенцкай групы сяброў Свабоднай Беларусі, якая існуе ў чэшскім парламенце, атрымалася правесці праз замежны камітэт ніжняй палаты парламента дзве рэзалюцыі па Беларусі.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
З кіраўніцай Офісу дэмакратычных сіл Беларусі Крысцінай Шыянок гутарыла Марына Савіцкая.
Беларускае Радыё Рацыя






