BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Чыноўнікі супраць вяртання зімовага часу ў Беларусі

Грамадская петыцыя з прапановай вярнуць у Беларусі практыку пераходу на зімовы час з’явілася ў кастрычніку на партале «Удобный город». Але падтрымку ва ўладаў яна не знайшла.

Аўтары петыцыі аргументавалі сваю прапанову тым, што зімой раннія абуджэнні і вяртанні дадому ў цёмны час сутак негатыўна адбіваюцца на здароўі, самаадчуванні і агульнай прадуктыўнасці беларусаў. А «зімовы» час дапамагае адаптаваць рэжым сну да натуральнага светлавога цыклу і такім чынам палепшыць фізічны і псіхаэмацыйны стан людзей, знізіўшы ўзровень стрэсу і хранічнай стомленасці.

Гэтыя аргументы, аднак, не пераканалі чыноўнікаў. Дзяржаўны інстытут стандартызацыі і сертыфікацыі, куды з Савету міністраў перанакіравалі петыцыю грамадзян, заявіў, што міжгаліновая камісія часу, частаты і вызначэння параметраў кручэння Зямлі прыняла рашэнне захаваць парадак вылічэння часу на тэрыторыі краіны, а вяртанне «зімовага» часу палічыла немэтазгодным.

Нагадаем, Беларусь адмовілася ад практыкі змены часу услед за рашэннем Расеі каля 10 гадоў таму.

Беларускае Радыё Рацыя