Варшаўскае Паўстанне было найбольшым мілітарным паўстаннем у акупаванай Нямецкім ІІІ Райхам Еўропе.

Баі пачаліся ў вызначаную Краёвай Арміяй гадзіну «W» 1-га жніўня 1944 года, то бок а 17-й. Змаганні паўстанцаў з немцамі трывалі 63 дні і прывялі да поўнага разбурэння горада, смерці 200 тысяч мірных варшавян і выгнання са сталіцы Польшчы ўсіх яшчэ ацалелых жыхароў.

Мілітарна яно было накіраванае супраць немцаў, палітычна супроць саветаў, якіх Чырвоная Армія набліжалася да Варшавы, дэманстратыўна супраць англасаксам, а ў сапраўднасці супраць Польшчы – пісаў у “Тыднёвіку Павшэхным” гістарычны публіцыст Павел Ясеніца ў 1949 годзе.
У сваю чаргу ў тым жа тыднёвіку выбітны польскі інтэлектуал Стэфан Кісялеўскі раней, бо ў 1945 годзе сцвердзіў, што «Змаганне за гонар цаной 30% культурнага і гаспадарчага патэнцыяла было актам псіхічнага эгаізма, блізарукасці неапанавання і – непрадумання».

Праўда была і такая, што свабодная ад немцаў сталіца магла бы прывітаць уваходзячую «вызвольную» Чырвоную Армію, як гаспадар. Як легальная ўлада. Таму і паўстанне мела трываць некалькі дзён (нешта падобна паўстанню ў Парыжы перад наступам Заходняга фронту ў 1944 годзе).
А трывала больш за 2 месяцы. Затое наступ саветаў спыніўся на фронце, бо Сталіну (а і заходнім саюзнікам таксама) аніяк на гэтым не залежала. У сваю чаргу раз’юшаныя немцы і іх памагатыя па загадзе фюрэра яшчэ доўгі час пасля капітуляцыі паўстання знішчалі горад (левабярэжную Варшаву), раўняючы яе з зямлёй.

Да сёння ідуць спрэчкі паміж гісторыкамі не толькі польскімі, бо і выдатны ангельскі гісторык напісаў пра гэта Нарман Дэйвіс у славутай сваёй працы «Паўстанне 44» – ці яно было патрэбным? У сітуацыі калі набліжаўся Усходні фронт. Ці гэта не празмерная і ці патрэбная ахвяра? У сталіцы Польшчы маем шмат месцаў памяці Варшаўскага Паўстання, тых, дзе гінулі вядомыя і невядомыя людзі, дзе адбываліся масавыя экзекуцыі (расстрэлы). Дзе загінуў Кшыштаф Каміль Бачынскі, малады паэт, у цэнтры, на Жалібажы, Волі, Ахоце, Макатове ці на Старым Горадзе, дзе праходзілі баі. На правабярэжнай Варшаўскай Празе Паўстанне пратрымалася ўсяго некалькі дзён. І шмат месцаў ушаноўваецца цяперашнімі грамадзянамі сталіцы, а Музей Памяці Варшаўскага Паўстання – гэта доказ жывой памяці на штодзень.
У 80-тую гадавіну гадзіны «W» хачу прыгадаць таксама і праваслаўных, якія сталі ахвярамі гэтай трагедыі.
У час Варшаўскага Паўстання ўшчэнт была разбурана царква святой Тройцы па вуліцы Падвале 5. Пад руінамі прыхадскога дома загінуў вікарый прыхода Юры Латоцкі з матушкай і сынам і цёшчай. 1 жніўня ў інтэрнаце пры вуліцы Кірыла і Мятода 4 (побач сабора на Празе) былі расстраляныя студэнты і выкладчыкі Багаслоўскага Студыума, усяго 17 чалавек.
На Варшаўскай Волі былі расстраляныя дзеці і выхавацелі праваслаўнага сірочага дома – ажно 100 ахвяр. Разам з імі былі забітыя архімандрыт Феафан Пратасевіч, настаяцель прыхода святога Яна Клімака на Волі, Антон Калішэвіч з сям’ёй, матушка Антаніна Тэадоровіч – жонка ранейшага настаяцеля кафедральнага сабора і шмат іншых невядомых мірных жыхароў.
Варта тут яшчэ ўспомніць пра сям’ю Федарэнькаў.
Сям’я паходзіла з Заходняй Украіны, і несумненна мела ўкраінскія карані. Аднак Польшчу пасля адваявання незалежнасці ў 1918 годзе лічылі сваёй айчынай і былі яе патрыётамі.
Святар і бацька сям’і быў афіцэрам і капеланам у Польскім Войску. Расстраляны ў Катыні. Сыны, Орэст Федарэнька – пазыўны «Форт», як капрал-падхаружы і жаўнер KEDYW-u (Кіраўніцтва дыверсіі Краёвай Арміі) прымаў удзел у баях Варшаўскага Паўстання, і загінуў 1-га жніўня.
Яго брат Вячаслаў, псеўданім Славак, загінуў 18 жніўня. Трэці з братоў ваяваў супраць немцаў як лётчык у Англіі, у славутым дывізіёне 303.
Сімвалічная магіла загінулых братоў знаходзіцца на Праваслаўных могілках на Варшаўскай Волі.
А 10 лістапада 2008 года ў скверы на рагу вуліцаў Ягелонскай і Салідарнасці (непадалёк сабора на Варшаўскай Празе) быў урачыста ўсталяваны мемарыяльны абеліск у памяць паўстанцаў, братоў Федарэнькаў.

На ўрачыстасці прысутнічаў тадышні прэзідэнт Польшчы Лех Качыньскі. Таму невыпадкова, што 1-га жніўня сёлета, у 80-ю гадавіну Варшаўскага Паўстання ў сталічных праваслаўных цэрквах, саборы святой Марыі Магдаліны і царкве Прамудрасці Божай і капліцы святой Тройцы будзе адслужаная Літургія з малітвай за тых, што загінулі ў паўстанні і за здароў’е тых, якія яшчэ жывыя. Такое рашэнне прыняў Мітрапаліт Варшаўскі і усёй Польшчы Сава, архіепіскап Польскай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы. Пачатак а 9-й раніцы.
Слава Героям! Вечная ім Памяць!
Юрка Ляшчынскі