Якая абстаноўка зараз на фронце ва Украіне? Як сябе пачуваюць беларускія добраахвотнікі, калі на іх вачах гінуць пабрацімы? На гэтыя ды іншыя пытанні адказвае Госць Рацыі – Дзяніс Урбановіч – старшыня “Маладога фронту”, беларускі добраахвотнік, які ваюе на поўнамаштабнай вайне ва Украіне з першага дня і меў ужо некалькі раненняў.

РР: Распавядзіце пра тое, што зараз адбываецца на фронце ва Украіне. У некаторых пачаліся такія песімістычныя настроі, кажуць пра тое, што расейцы могуць прасунуць фронт нават да Дняпра. Якія ў вас адчуванні, сапраўды такая песімістычная сітуацыя?
Дзяніс Урбановіч: Сітуацыя ў тым, што кожны адказвае за свой участак, то бок запарожскі накірунак, данецкі накірунак. На жаль, сітуацыя склалася так, што расейцы прасоўваюцца наперад, і гэта факт, я кажу, як ёсць. Яны мо раней прасоўваліся на якіх метраў пяць, а зараз яны выкарыстоўваюць “мясныя штурмы”, прашу заўважыць. І такімі мяснымі штурмамі яны прасоўваюцца на кіламетры, але гэта не адбываецца кожным днём.
Наконт таго, ці магчыма, каб Дняпроўская вобласць трапіла пад акупацыю, я сумняваюся. Хутчэй за ўсё Расея больш сканцэнтруе свае войскі і на дадзены момант больш сцягвае свае сілы на Данеччыну, таму што яны, наколькі я зразумеў, хочуць закрыць пытанне з Данбасам. Гэта Славянск, Краматорск, Канстанцінаўка, Дружкіўка, уся гэтая агламерацыя. І акцэнт у іх тут, да таго Украіна правяла контрнаступ з боку Запарожжа, і яны выбілі расейцаў, троху пасунулі іх, не магу дакладна сказаць, на які кіламетраж пасунулі. Але я ведаю, што іх добра адкінулі.
І не трэба забывацца, што лініі фронту як такой няма, бо зараз пануюць дроны. І ў асноўным гэта дзесяцікіламетровыя шэрыя зоны. Гэта шэрыя зоны, у якія могуць зайсці ДРГ нейкая расейскія, пахадзіць там, выйсці, пасля зайсці нейкае наша ДРГ, таксама выйсці. Ці там мы сустрэнемся і пастраляем адно аднаго, ці нас дроны разаб’юць. І вось гэта такая цягучая сітуацыя.
Я б не быў настолькі песімістычным, што тут ужо “каюк, капец”. Не, украінцы годна трымаюцца, годна б’юцца ў сілу сваіх магчымасцяў. А Расея, у сувязі з тым, што церпіць шмат паразаў, адзінае, на чым яны могуць выязджаць, толькі на сваіх мясных штурмах, калі яны пасылаюць людзей, і іх б’юць, б’юць, б’юць. Гэта ў прынцыпе можна добра прааналізаваць у сацсетках. Проста глядзіце, шмат украінцаў выкідвае розныя ролікі, там БПЛ і іх там б’юць і б’юць. І ты не можаш сказаць, што вось зараз зайшла ДРГ-група на 5 кіламетраў, яе разбіў дрон. І як тут разумець – гэта тэрыторыя Расеі, ці гэта шэрая зона, ці ўсё ж такі мы іх выбілі? Пасля будзе ісці другая хваля.
Таму ў сувязі са зменамі зараз, так як пануюць дроны, робаты, НРК (наземны рабатызаваны комплекс), складана сказаць. Але так, Расея прасоўваецца, павольна, але яна прасоўваецца.
Вы ж разумееце, што Данбас у любым выпадку расейцы будуць спрабаваць акупаваць увесь.
Не ведаю, як па запарожскім накірунку, як на харкаўскім, у іншых накірунках, але на дадзены момант усе сацсеткі і нашы ўкраінскія блогеры, у тым ліку і мы ж таксама сочым за сітуацыяй, мы таксама ведаем, што акцэнт ідзе менавіта на Данбас. І бітва яшчэ, вялікая крывавая бітва за Краматорск, за Дружкіўку, спадзяюся, што і я яшчэ паўдзельнічаю там, бітва за гэтыя гарады, як і Славянск і Краматорск яшчэ наперадзе, і яна будзе вельмі крывавай.
РР: То бок гэтыя “мясныя штурмы” як прымяняла Расея яшчэ падчас Другой сусветнай вайны, так і дагэтуль прымяняе, не шкадуе сваіх людзей?
Дзяніс Урбановіч: Так, “за родзіну, за Сталіна” ідуць. Ідзе першая хваля, пасля – другая. У чым сітуацыя? Напрыклад, бок Украіны больш тэхналагічны, то бок яны апелююць да тэхналогій. У Расеі таксама ёсць тэхналогіі, пытанняў няма, бо лятаюць іх дроны. Але вось іхняе гэтае савецкае “бі сваіх, каб чужыя баяліся”, то бок іх б’юць, і іх прыкладна за мільён ужо загінула. Гэта недакладны падлік я чытаў, іх загінула дзесьці больш за мільён. Але нават калі гэты “мясны штурм” і па ім б’юць украінцы, ён усё адно дае нейкі свой вынік – таму ўсё адно замацуецца хтосьці і хтосьці будзе сядзець.
Цалкам гутарка:

Беларускае Радыё Рацыя
Фота з архіва Дзяніса Урбановіча






