BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Данііл Шаўчэнка знаходзіцца пад пагрозай экстрадыцыі з Арменіі

Беларускі апазіцыянер Данііл Шаўчэнка знаходзіцца пад пагрозай экстрадыцыі з Арменіі. Органы Беларусі запыталі экстрадыцыю ў намесніка Генеральнага пракурора Арменіі. Сам жа актывіст папрасіў палітычнага прытулку ў гэтай краіны.

Фота з адкрытых крыніц

Як стала вядома Радыё Рацыя, Данііл Шаўчэнка быў затрыманы ў аэрапорце Ерэвана 14 сакавіка 2025 года. Прычына — нібыта маладзён падазраецца органамі Беларусі ў частцы 1 артыкула 328 Крымінальнага Кодэкса Беларусі (незаконныя без мэты збыту, набыццё і захоўванне наркатычных рэчываў).

Сам актывіст адмаўляе сваю датычнасць да наркатычных рэчываў. Ён сцвярджае, што ў 2021 годзе пакінуў Беларусь, але ў 2024 вярнуўся. Там супрацоўнікі ў цывільным спынілі яго на вуліцах Менску і без тлумачэння прычынаў завялі ў фургон, адабралі тэлефон і запатрабавалі ўвесці пароль пад пагрозай прымянення сілы. Пасля чаго сказалі: “Мы ўсё пра цябе ведаем”. Потым пачалі збіваць і агучылі ультыматум: “альбо ты прызнаеш, што ў цябе пры сабе былі наркотыкі – і тады абыдзешся “умоўным” тэрмінам, альбо табе прад’явяць артыкулы аб экстрэмізме, што азначае да 10 год турмы”. Сам Данііл Шаўчэнка адзначае, што ў стане болю, шоку і страху ён палічыў магчымым абраць першае.

Затым актывіста даставілі ў ІЧУ. Там была камера 1,5 на 3 метра і 9 чалавек у ёй. Праз трое сутак яго выпусцілі пад падпіску, але яму ўдалося збегчы з краіны.

Хоць органы Беларусі адмаўляюць датычнасць прашэння аб экстрадыцыі Шаўчэнкі па палітычных прычынах, сам актывіст упэўнены: справа носіць менавіта палітычна матываваны характар.

Цяпер актывіст знаходзіцца ў СІЗА горада Ерэвана і змог адтуль перадаць пасланне:

“Я прашу толькі аднаго—абароны. За фатаграфію, за перакананні, за працу ў партыі я магу апынуцца ў турме на 10 гадоў. Я прашу абароны—ад палітычнага пераследу, ад краіны, дзе меркаванне прыраўноўваецца да злачынства. Гэта не правасуддзе—гэта расправа”.

Данііл Шаўчэнка – актывіст і валанцёр Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Ён 2003 года нараджэння. Вядома, што раней ён вучыўся ў Віцебскай ветэрынарнай Акадэміі і актыўна ўдзельнічаў у пратэстах 2020 года ў Віцебску, Менску і іншых гарадах.  У 2021 годзе ён уступіў у  Аб’яднаную грамадзянскую партыю, якая ў 2023 годзе былша ліквідавана рэжымам. Шаўчэнка вёў валанцёрскую дзейнасць, удзельнічаў у распаўсюдзе інфармацыі, кансультаваў новых валанцёраў і падтрымліваў пераследуемых студэнтаў. Цяпер хлопец чакае рэпатрыацыі ў Ізраіль.

Беларускае Радыё Рацыя