Данія пагадзілася прызнаваць пратэрмінаваныя пашпарты Рэспублікі Беларусь, якія многія з беларусаў ня могуць абмяняць на радзіме праз небяспеку палітычнага пераследу там.

Кіраўнік МЗС Даніі Ларс Лёкэ Расмусэн у інтэрв’ю выданню Berlingske паведаміў, што Данія будзе прызнаваць пратэрмінаваныя пашпарты беларусаў і ўнясе змены ва Указ аб іншаземцах. Дацкі міністр зрабіў заяву пасля сустрэчы Расмусэна са Святланай Ціханоўскай у Рэйк’явіку, дзе праходзіць сэсія Паўночнай Рады.
«Мы глыбока шануем гэты жэст, а таксама рашэнне Даніі прызначыць спецпасланніка для працы з дэмакратычнымі сіламі. Гэта ўмацуе супрацоўніцтва і сувязі Даніі са свабоднай Беларуссю», — сказала Ціханоўская. У Даніі пастаянна або часова пражываюць каля 640 беларусаў.






