Госця Беларускага Радыё Рацыя – фемблогерка, былая палітзняволеная Дар´я Афанасьева з Менску два месяцы таму выйшла на волю з Гомельскай калоніі поўнасцю адбыўшы тэрмін. Мы пагаварылі з Дар´яй пра ўмовы ў калоніі, пра стаўленне да палітзняволеных жанчын і пра тое, што рабіць для хутчэйшага іх вызвалення: З ёй размаўляе наша карэспандэнтка Аліна Андрыевіч.
РР: За што вы трапілі ў месцы зняволення?
Дар’я Афанасьева: Ні за што.
РР: Каментар нейкі напісалі ці на акцыі былі?
Дар’я Афанасьева: Артыкул 342 – актыўны ўдзел і арганізацыя масавых мерапрыемстваў, якія перашкаджалі грамадскаму парадку і руху грамадскага транспарту.
РР: Яшчэ ў 2020 годзе?
Дар’я Афанасьева: Так, 2020 год, жаночыя маршы.
РР: Гэта ў Менску? Вы з Менску?
Дар’я Афанасьева: Так, я з Менску, я феміністка, удзельнічала ў жаночых маршах, за што і была затрыманая.
РР: Што вы можаце сказаць пра цяперашнія жаночыя калоніі, якія там умовы, парадкі? Яны ж называюцца выхаваўчымі. Як яны выхоўваюць?
Дар’я Афанасьева: Мне падаецца, што там усё пабудавана так, каб знішчыць усё чалавечае, што ў табе яшчэ засталося, калі ты туды трапляеш. Таму што ты трапляеш ужо без сілаў, без нейкай надзеі, без поглядаў. Ты проста стамілася і робіш тое, што табе кажуць. Яны прымушаюць глядзець тэлевізар, а не чытаць кнігі, забараняюць дзяліцца, забараняюць падтрымліваць адзін аднаго, забараняюць сябраваць, мець зносіны.
Няма ніякага разумення як пакінуць і знайсці ў сабе сілы, каб пакінуць усё тое, што было ўкладзена ў цябе з самага дзяцінства. Вось гэтую чалавечнасць, веру ў людзей, у дабро, давер, магчымасць пакінуць у сабе пяшчотнасць. Пасядзець і кагосьці паслухаць, калі галава ў цябе забітая нейкімі дробязямі, пра якія ты на волі нават ніколі не задумваўся. Калі ты думаеш, што гэты чалавек побач з табой, бо ў цябе ёсць перадачы, і яна хоча, каб пакарміла, ці яна хоча сябраваць? А ці пакараюць нас за тое, што я дала ёй кавалак марозіва?
У прынцыпе так і здарылася, пакаралі. Я, напрыклад, была пазбаўлена доўгатэрміновага спаткання за тое, што падзялілася з дзяўчынай кавалкам марозіва. І да гэтай пары ў мяне шок і пытанне ў галаве – што ж такім чынам выхоўваюць у нас?
Калі ў месцы зняволення трапляюць непаўнагадовыя дзеці, якія ў асноўным сядзяць там па артыкуле 328. Гэта збыт і абарот наркатычных сродкаў незаконны. Гэта дзеці 16-17 год. Я заўжды задумвалася, а што ўкладваюць ім у гэтым узросце, калі яны трапляюць туды. Таму што пасля яны пераходзяць у дарослую калонію, калі яны перастаюць быць лакалізаванымі. І я гляджу на іх і не разумею, што і навошта ў іх гэта ўкладаецца. Калі ты разумееш, што прасоўванне па такой псеўдакар’еры ў калоніі магчыма толькі тады, калі ты будзе “сэксотам” і будзеш даносіць на блізкую сяброўку, будзеш пісаць даносы і распавядаць пра тое, пра што вы гаварылі, і даносіць пра парушэнні. То які чалавек з гэтай калоніі выйдзе?
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя