З гомельскай жаночай калоніі № 4 вызваліліся яшчэ 5 палітзняволеных жанчын. Чацвёра з іх былі асуджаны за ўдзел у мірных акцыях пратэсту, а яшчэ адна – за каментар пра свайго палітзняволенага мужа “Белсату”.

Тамара Астрэйка, Святлана Лупач, Кацярына Мадзянкова і Паліна Палавінка знаходзіліся за кратамі па “народным” артыкуле 342 Крымінальнага кодэкса – арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх (гэта значыць, удзел у мірных акцыях пратэсту).
Тамара Астрэйка была затрымана 15 лістапада 2023 і асуджана 16 лютага 2024 судом Ленінскага раёна Менска; Святлана Лупач знаходзілася ў зняволенні з дня затрымання 7 траўня 2023 і была асуджана ў кастрычніку 2023; Кацярына Мадзянкова была прыгаворана да пазбаўлення волі 22 снежня 2023 судом Добрушскага раёна; Паліна Палавінка была затрымана 2 чэрвеня 2022 і асуджана Менскім гарадскім судом 2 снежня 2022 да 2,5 гадоў пазбаўлення волі.
Дар’ю Лосік затрымалі 18 кастрычніка 2022 і 19 студзеня 2022 асудзілі ў Берасцейскім абласным судзе да 2 гадоў зняволення па арт. 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) – за тое, што яна дала каментар пра свайго палітзняволенага мужа тэлевізійнаму каналу “Белсат”, які беларускі правячы рэжым лічыць “экстрэмісцкім”.
Усе яны былі прызнаны праваабаронцамі як палітзняволеныя. На свабоду жанчыны выйшлі 3 ліпеня.
Крыніца: gomelspring.org






