Палітвязень Мікалай Статкевіч знаходзіцца дома, ён аднаўляецца пасля інсульту. Напярэдадні ўвечары пра гэта напісала яго жонка Марына Адамовіч.

Сваё паведамленне з сумесным фота яна размясціла ўвечары 19 лютага ў Фэйсбуку не ў адкрытым доступе (у статусе “для сяброў”), аднак яно амаль адразу з’явілася ў медыяполі.
Вызваленне вядомага беларускага палітыка пракаментавалі шэраг дзеячаў, сярод якіх – галоўны дарадца Святланы Ціханоўскай – Франак Вячорка:
– Мы ж усе так доўга чакалі і змагаліся за гэта. Але з іншага боку такі горкі смак ад таго, што рэжым робіць з людзьмі, з Мікалаем, гэта інсульт, і хутчэй за ўсё, наколькі мы ведаем, быў інфаркт. Гэтая свабода такім дарагім коштам яму далася. Ён не павінен увогуле апынуцца ў турме. Ён дабіўся гэтай свабоды без дэпартацыі, але вялізным коштам. Давайце памятаць таксама, колькі іншых людзей застаюцца за кратамі, і за іх таксама трэба змагацца.
Напярэдадні таксама стала вядома, што Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ пра памілаванне Наталлі Левай, жанчына адбывала пакаранне ў Гомелі, цяжарная, неўзабаве падыходзіць тэрмін нараджаць.
Аляксандра Мамаева з Каардынацыйнай Рады пракаментавала гэта вызваленне:
– Не магу сказаць, што яны на волі, таму што беларускія палітзняволеныя не могуць пачувацца вольна ў Беларусі нават пасля вызвалення. Асабліва рада за спадарыню Левую, таму што вельмі перажывалі наконт яе лёсу, наконт таго выбару, які прыйдзецца рабіць: ці нараджаць дзіцёнка ў калоніі, і пасутнасці ён тады будзе яшчэ адным палітзняволеным. Гэта была такая сітуацыя, якая мяне шакавала, што такое наогул можа быць.
Паводле даных праваабарончага цэнтра “Вясна”, у Беларусі цяпер 1.144 чалавекі са статусам палітвязня. Праваабаронцы склалі гуманітарны спіс, у ім каля 255 чалавек. Гэта тыя, хто знаходзіцца ў больш уразлівым стане, старэйшыя асобы, альбо асобы, якія маюць сур’ёзныя захворванні ці інваліднасць.
Цалкам матэрыял:
Беларускае Радыё Рацыя






