BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Дні народзінаў за кратамі

10 і 12 лістапада — у такія даты палітвязні з Берасцейскай вобласці, якія зараз знаходзяцца за кратамі, будуць мець Дні нараджэння. Гаворка ідзе пра Андрэя Марача і Ірыну Пагадаеву.

Палітвязень Андрэй Марач мае Дзень народзінаў 10 лістапада. Хлопца абвінавацілі ў арт. 342 Крымінальнага кодэкса — Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх, арт. 341 Крымінальнага кодэкса — Апаганьванне будынкаў і псаванне маёмасці і ч. 2 арт. 285 Крымінальнага кодэкса — Удзел у злачыннай арганізацыі ў любой іншай форме. Праходзіць у межах справы  “Рэвалюцыйнае дзеянне”, заведзенай на актывістаў анархісцкага руху з Берасцейскай вобласці. Вырак суда — пяць гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Дасылаць лісты можна ў папраўчую калонію №17.

У сваю чаргу палітзняволеная Ірына Пагадаева будзе мець Дзень нараджэння 12 лістапада. Трапіла за краты па арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса — Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці. Да затрымання працавала ў бібліятэцы, у яе двое дзяцей. Падстава да завядзення крымінальнай справы — напісанне лістоў і падтрымка палітвязняў. Прысуд — тры гады пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Тэрмін адбывае ў папраўчай калоніі №4.

Аліса Поль, Беларускае Радыё Рацыя

Фота з адкрытых крыніц