BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Двое замежных грамадзян асуджаны ў Менску за «арганізацыю незаконнай міграцыі»

Пра гэта паведамляе дзяржагенцтва «Мінск-Навіны». Адзін з абвінавачаных асуджаны на 4 гады пазбаўлення волі са штрафам 500 базавых велічынь (ці 20.000 руб.), іншы – на 3,5 года са штрафам 300 б.в.

Грамадзянства асуджаных не называецца. Паводле матэрыялаў справы, яны «ўваходзілі ў злачынную групу», «садзейнічаючы за ўзнагароджанне незаконнаму знаходжанню» ў Беларусі не менш за 60 мігрантаў.

«У далейшым планаваўся іх выезд у краіны Еўразвяза з парушэннем парадку і па-за пунктамі пропуску праз дзяржаўную мяжу Рэспублікі Беларусь», – зазначаецца ў публікацыі.
Сцвярджалася, што абвінавачаныя сумесна з грамадзянінам Беларусі «і іншымі асобамі», «жадаючы атрымаць матэрыяльнае ўзнагароджанне», арганізавалі канал нелегальнай міграцыі ў «замежныя дзяржавы».

У Беларусі замежнікі, як заяўлялася, сумесна з мясцовым жыхаром шукалі месцы для часовага пражывання мігрантаў і бралі з іх грошы – «плату за пражыванне ў суме не менш за 10 даляраў ЗША з чалавека за суткі», паведамлялася, што «замежныя грамадзяне размяшчаліся па 11 адрасах у Мінску». Падкрэслівалася, што ў дачыненні да грамадзяніна Беларусі “следчы вылучыў крымінальную справу ў асобную вытворчасць”.