У Менскім абласным судзе з 12 снежня судзяць двух беларусаў — Паўла Вабішчэвіча і Андрэя Зіненку — па абвінавачванні ў «замахе на акт тэрарызму» і «здрадзе дзяржаве». Паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса ім пагражае да 20 гадоў пазбаўлення волі.

У прапагандысцім фільме восенню 2023 года сцвярджалася, што іх затрымалі за спробу паставіць на чыгунцы ў Стаўбцоўскім раёне выбуховую прыладу, «якая мусіла б спрацаваць па камандзе куратара з СБУ». Прапагандысты распавялі, што Вабішчэвіч трапіў пад увагу сілавікоў, калі даносчык паведаміў пра яго ў чат-бот КДБ, што на вакзале ў Оршы ён фатаграфаваў чыгуначныя пуці і саставы.
Андрэй Зіненка ў фільме быў паказаны са слядамі збіцця на твары. Справу ў закрытым рэжыме разглядае Сяргей Епіхаў.






