BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Дзеці беларускіх уцекачоў адпачылі ў Нямеччыне

Дзеці беларускіх палітуцекачоў з Варшавы адпачылі восем дзён у Нямеччыне пад Берлінам. Гэтым разам у асноўным былі дзеці са студыі “Купалінка” з Варшавы. Летнік стаў магчымы дзякуючы асацыяцыі “Мара”, у якой працуюць беларусы, і нямецкай евангелісцкай супольнасці на чале з пастарам Арно Лайя.

 Пастыр Арно Лайя.
Пастар Арно Лайя
Кіраўніца асацыяцыі "Мара", спадарыня Вольга.
Кіраўніца асацыяцыі “Мара”, спадарыня Вольга

Паводле кіраўнічкі асацыяцыі “Мара”, спадарыні Вольгі, акрамя летнікаў для беларускіх дзетак яны яшчэ ладзяць і зімнікі.  Адбіраюць дзетак туды паводле трох крытэрыяў:

Гэта не абавязкова дзеці палітвязняў павінны быць. Канешне, мы б хацелі, але ўсё ж такі ў нас няма магчымасці псіхалагічна дапамагаць такім дзецям. Тры крытэрыі – гэта дзеці павінны быць з сем’яў, якія фінансава самі сабе не могуць адпачынак для дзяцей. Па-другое, яны не павінны цягам года быць у нейкім летніку, то бок гэта раз на год. І, канешне, дзеці, якія былі вымушаныя пераехаць за мяжу.

Кіраўніца студыі “Купалінка” з Варшавы Наталля Локіць.
Кіраўніца студыі “Купалінка” з Варшавы Наталля Локіць

Паводле кіраўніцы студыі “Купалінка” з Варшавы Наталлі Локіць, яны першы раз прыехалі на летнік так далёка, дзецям вельмі спадабалася:

У  нас быў у мінулым годзе двухтыднёвы летнік і былі яшчэ беларускія летнікі, але такім выездам мы першы раз – з начоўкамі, з сантыментамі, са строгімі выкладчыкамі, якія кажуць, што ў 22 гадзіны трэба класціся спаць. Але класна, таму што тут такі ішоў інтэнсіў – тут быў варштат спеваў з Андрусём Такіндангам, яны малявалі, тэатральнае кола раніцай і ўвечары, рыхтаваліся да нейкіх паказаў, кудысьці выязджалі. І яно настолькі інтэнсіўна, што ты ўжо не паспяваеш. Таму, па-мойму, выдатна

Беларускія дзеці 9 жніўня далі развітальны канцэрт у нямецкім мястэчку Нойтрэбін, падчас якога нагадалі пра падзеі пяцігадовай даўніны, якія адбыліся ў Беларусі. На ім прысутнічалі і мясцовыя жыхары. А 10 жніўня ўжо развіталіся з Нойтрэбінам, дзе месціўся летнік, і набылі новыя кантакты і новых сяброў.

Кіраўніца студыі “Купалінка” з Варшавы Наталля Локіць
Спявае музыка і мастак Андрусь Такінданг

Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя