28 ліпеня прадстаўнікі беларускай дыяспары ў Варшаве, нягледзячы на ўраганны вецер, правялі акцыю, прысвечаную Дню незалежнасці Беларусі 27 ліпеня. Акрамя асноўнай тэмы шмат гаварылі пра памерлага 25 ліпеня актывіста Зміцера Гарэлку. Не забылі яшчэ адну сумную дату – 110 гадавіну з пачатку Першай сусветнай вайны.
Гаворыць арганізатар акцыі, сябра беларускай асацыяцыі палітвязняў «Да волі» і прадстаўнік беларускай арганізацыі «Беларусы Варшавы» Васіль Плешкуноў:
– 27 ліпеня 1990 года была прынята Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце Рэспублікі Беларусь. Праз год у жніўні 1991 года гэта Дэкларацыя была аб’яўлена дзяржаўным законам. Наша краіна абвесціла пра сваю незалежнасць.
Мы думалі, што мы сёння будзем размаўляць толькі пра Дзень незалежнасці, але памёр адзін з нашых актыўных удзельнікаў акцыі Зміцер Гарэлка, яму было 42 гады. Па звестках паліцыі, ён памёр на працоўным месцы.
Усе выступоўцы выказвалі ўпэўненасць, што Дзень незалежнасці 27 ліпеня будзе вернуты. Хвілінай маўчання былі ўшанаваныя памерлыя за гады эміграцыі беларусы.
Акцыя завяршылася скандаваннем «Жыве Беларусь!», «Слава Украіне!», «Нех жые Польска!» і звыклым агульным здымкам.
Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя