
Сітуацыя з палітвязнямі ў Беларусі за апошні час дайшла да вельмі крытычнага стану. Умовы зняволення палітычных вязняў цэлы час пагаршаюцца, працягваецца далейшы сістэмны палітычны пераслед грамадзян. Па-сутнасці склалася такая трагічная сітуацыя, што палітвязні апынуліся зараз на мяжы жыцця і смерці. А механізмаў іх ратавання і вызвалення амаль не застаецца. Сама краіна Рэспубліка Беларусь ператворана зараз у адзін вялікі канцлагер, з рознай толькі даўжынёй грамадзян да калючага дроту ці кратаў. Прававое поле разбурана ўшчэнт, а ўсе грамадзянскія канстытуцыйныя свабоды растаптаныя. Адбываецца татальная саветызацыя і русіфікацыя. Пенітэнцыярная сістэма становіцца ўсё больш жорсткай і бязлітаснай. Карная машына працуе на псіхалагічнае і фізічнае знішчэнне іншадумцаў. Паспрабуем у звязку з гэтым разгледзець тут асноўныя праблемы.
Палітвязні – колькі іх насамрэч?
Днямі старшыня Следчага камітэту Беларусі на «міжнародным юрыдычным форуме» (што характэрна – у расейскім Пецярбургу!) агучыў маштаб пераследу людзей у Беларусі за іншадумства. Ён паведаміў, што за пратэсты 2020 года ў Беларусі засуджаныя больш за 6000 чалавек. Як разумею, гутарка ішла менавіта пра крымінальны пераслед і засуджаных толькі па некаторых артыкулах крымінальнага кодэксу. Агульная ж колькасць палітвязняў яшчэ большая. На сёння праваабарончымі арганізацыямі (у гэтую супольнасць уваходзяць не менш чым 9 арганізацый: Праваабарончы цэнтр “Вясна”; Беларуская асацыяцыя журналістаў; Respect-Protect-Fulfill; Human Constanta; Прававая ініцыятыва; Lawtrend; Офіс па правах людзей з інваліднасцю; Беларускі Хельсінкскі камітэт; Беларускі ПЭН) прызнаныя 1183 чалавекі. Гэтая лічба, аднак, не павінна ўводзіць у зман. У пералік гэтых прозвішчаў палітвязняў натуральна не ўваходзяць тыя людзі, што ўжо адбылі свой тэрмін і вызваліліся з турмаў і калоній. Але агульная лічба гэтай часткі (менавіта ўжо вызваленых) чамусьці зусім не агучваецца.

фота ілюстрацыйнае
Што важна – пра многіх засуджаных паводле палітычных матываў праваабаронцы проста ня ведаюць і ня маюць адпаведных звестак. Наўпроставы маніторынг судоў (гэта значыць прысутнічаць на адкрытых працэсах) зараз у Беларусі весці проста немагчыма. Усё менш даступнымі становяцца нават расклады судовых паседжанняў па крымінальных і адміністрацыйных справах. У такой сітуацыі праваабаронцы і журналісты здабываюць інфармацыю ўскоснымі шляхамі, найперш праз сваякоў тых, каго пераследуюць. Аднак за апошнія два гады паўстала яшчэ адна праблема – усё часцей людзі, якія падпалі пад крымінальны пераслед альбо іх сваякі, катэгарычна ня хочуць, каб іх прызнавалі палітвязнямі. Гэта звязана з тым, што пасля такога прызнання і атрымання неафіцыйнага статусу, стаўленне да зняволеных з боку адміністрацыі і персаналу калоній значна пагаршаецца і палітвязням ствараюць здзеклівыя ўмовы, часта блізкія да катаванняў. Праваабарончая супольнасць павінна тут быць больш абачлівай і ўважлівай, магчыма ў такіх выпадках нежадання прызнання палітвязнем трэба прызнаваць такіх зняволеных паводле дыфамацыйных артыкулаў дэананімнымі (прыхаванымі) палітвязнямі. З іншага боку, засуджаныя паводле крымінальных дыфамацыйных артыкулаў асобы, павінны збіраць адпаведныя дакументы, каб мець магчымасць справядлівага прызнання свайго юрыдычнага статусу палітвязняў у будучым.
Паводле прыблізных разлікаў можна меркаваць, што агульная колькасць палітвязняў Беларусі (сумарна тых, хто вызваліўся, і хто працягвае знаходзіцца ў зняволенні) складае мінімум каля 8 тысяч чалавек. Яшчэ раз падкрэслю, што гэта прыблізная лічба паводле майго ўяўлення маштабу рэпрэсій.
Безумоўна, акрамя непасрэдна палітвязняў, засуджаных да зняволення паводле палітычных матываў па крымінальных артыкулах, даўно наспела пара ўвесці значна больш шырокі панятак палітычна рэпрасаваных, але пра гэта ніжэй.
Салідарнасць і падтрымка
Пасля бурлівых падзей 2020 года пачалі спантанна стварацца шматлікія структуры грамадзянскай салідарнасці і падтрымкі тых каго пераследавалі. Гэта была сапраўды эфектыўная шырокая народная падтрымка. З цягам часу аднакмагчымасці і формы такой падтрымкі цэлы час змяншаюцца з-за татальнага пераследу і адсочвання шматлікімі рэжымнымі структурамі і спецслужбамі. За апошнія гады з’явілася і новая катэгорыя палітычна рэпрасаваных – гэта людзі, што ў той ці іншы спосаб (падкрэслю – законны спосаб!) падтрымлівалі матэрыяльна зняволеных ці іх сваякоў. Фактычна электронныя спосабы пераводу грошай як шлях падтрымкі сталіся небяспечнымі для ўсіх. І на сёння застаецца толькі адзін спосаб бяспечнай падтрымкі без негатыўных наступстваў – гэта шлях дапамогі «з рук у рукі», найперш дапамога сваякам вязняў.

Акцыя салідарнасці з палітвязнямі ў ліпені 2020 года, Менск, сайт spring96.org
Рэжым усяляк ізалюе палітвязняў. Таму нават такая форма салідарнасці як напісанне лістоў падтрымкі страціла сваю ранейшую эфектыўнасць. Гэтыя лісты папросту не аддаюцца палітвязням, фактычна зараз дазволена пісаць ім толькі блізкім сваякам. А некаторыя палітвязні, такія як, прыкладам, Мікалай Статкевіч, доўгія месяцы і нават больш знаходзяцца ў рэжыме інкамунікада. Няма ад іх ніякай карэспандэнцыі, няма нават інфармацыі ці жывыя яны.
Няма належнай і знешнепалітычнай міжнароднай падтрымкі на дзяржаўным роўні. Шмат робіцца рознага кшталту заяваў і выказванняў «заклапочанасці» сітуацыяй у Беларусі, створаны сімвалічны інстытут персанальнай падтрымкі еўрапейскімі палітыкамі (так званыя «хросныя» палітвязняў), але практычных і дзейсных спосабаў падтрымкі амаль няма. Нават дапамога з візамі для сваякоў палітычна рэпрасаваных і ўласна рэпрасаваных істотна зменшылася. Грамадзяне Беларусі на міжнародным роўні пераўтвораны зараз у гэткіх ізгояў. Гэта выразна паказвае і статыстыка адмоваў звычайным беларусам у візах (значны рост адмоваў), прычым уладныя чыноўнікі як правіла без праблем атрымліваюць візы ў амбасадах краін Еўразвязу (прыкладам Венгрыі і Славакіі) і вольна раз’язджаюць па ўсёй Еўропе.
Персанальныя санкцыі еўрапейскай супольнасці і асобных краін Еўразвязу супраць прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі маюць несістэмны, а часам хаатычны і выпадковы характар. Былі выпадкі, калі ў санкцыйныя спісы траплялі суддзі, якія мінімальна ўдзельнічалі ў палітычных рэпрэсіях, а з іншага боку – многія адыёзныя прадстаўнікі судовай карнай сістэмы дагэтуль не ўключаныя ў персанальныя санкцыйныя спісы. Спісы гэтыя, дарэчы, надзвычай кароткія, што характарызуе несур’ёзнасць і нават дэкаратыўнасць падыходу.
Іншая праблема – Еўразвяз не мае адзінага пазітыўнага выпрацаванага стаўлення да палітычных уцекачоў, многія з якіх сутыкаюцца з вялікімі бюракратычнымі перашкодамі, у тым ліку што датычна іх месцазнаходжання і перамяшчэння па краінах Еўразвязу. Больш таго ў шэрагу еўрапейскіх краін (Сербія, Венгрыя, Боснія і Герцагавіна) узнікае пагроза выдачы палітычных уцекачоў на расправу ў Беларусь.
Бяспека і пагрозы. Сістэма падтрымкі ці фікцыя?
З кожным годам, і нават месяцам, здараецца ўсё больш гучных скандалаў, звязаных з уцечкай ці наўмысным злівам інфармацыі з розных беларускіх структур апазіцыйнай скіраванасці. Пры тым належных урокаў і высноваў з такіх сітуацый не робіцца. Тут можна прыгадаць пра так званую «Чорную кнігу Беларусі», інфарматары якой (да канца няясна выпадкова ці наўмысна) былі «злітыя». Многія людзі пры тым пацярпелі, былі зняволеныя. Іх сем’і не атрымалі належнай кампенсацыі. Можна таксама прыгадаць так званы план «Перамога» з такімі ж негатыўнымі наступствамі для людзей. Чарговай катастрофай была ініцыятыва «Матолька хелп». Пасля загадкавае знікненне разам з грашыма і напэўна кейсамі па розных важных справах спікеркі Кааардынацыйнай рады Анжалікі Мельнікавай, якая не знойдзена дагэтуль. Колькасць людзей, якія пацярпелі не ў выніку нейкіх хакерскіх атак, а ў выніку нядбайнасці і мэтнага «зліву» людзьмі спецслужбаў, засланых у розныя структуры і ініцыятывы, цэлы час расце. Няма сумневу, што наперадзе новыя ўцечкі, чарговыя правалы, «падставы» і скандалы.
За апошнія гады ў эміграцыі створана досыць шмат розных структур, арганізацый і суполак, якія займаюцца ў розны спосаб дапамогай рэпрасаваным і пацярпелым. Але даверу да многіх з іх мала альбо няма зусім. У гэтых структурах багата людзей, якія значны час працавалі на рэжым Лукашэнкі, а потым пры пэўных акалічнасцях і з розных прычын (далёка не заўсёды вядомых) перамянялі сваю «арыентацыю». Многія з іх выйшлі зараз на першыя ролі і пазіцыі. Многія такія асяродкі і структуры фактычна працуюць на сваё матэрыяльнае забеспячэнне, а не на істотную дапамогу палітвязням і палітычна рэпрасаваным.
Жыццёва патрэбныя законапраекты
Можна бясконца рыхтаваць «кадры для новай Беларусі» і «круціць» адпаведныя праекты, але непазбежна паўстане пытанне – што рабіць з старымі шматлікімі «кадрамі» рэжыму – пачынаючы ад шэраговай наменклатуры і сканчаючы высокапастаўленымі кіраўнікамі разнастайных і шматлікіх сілавых структураў. Неаднаразова задаваў гэтае пытанне ў розных апазіцыйных і грамадскіх асяродках і найчасцей чуў адказ кшталту «Прыйдзе час – і з усім гэтым разбярэмся. спярша трэба памяняць уладу» (як варыянт – «Трэба дачакацца змены ўлады»).
Уявім сабе ідэальную сітуацыю – таталітарны рэжым у Беларусі раптоўна абваліўся і рухнуў. Да ўлады прыйшоў нейкі кааліцыйны пераходны ўрад, сфармаваны з прадстаўнікоў дэмакратычнай супольнасці. Як ён будзе аднаўляць законнасць і справядлівасць у краіне без адпаведна падрыхтаваных законапраектаў?! Найменш дзеля гэтага павінны быць распрацаваныя як мінімум два законы – «Аб люстрацыі» і «Аб палітычна рэпрасаваных».
Гістарычны досвед люстрацыі ў розных краінах вельмі розны – Беларусі, грунтуючыся на чужых практыках, дасягненнях і памылках, трэба будзе выпрацаваць максімальна справядлівы (разумею ўсю наіўнасць гэтай фармулёўкі) закон, прынамсі такі закон, які будзе шукаць залатую сярэдзіну паміж крымінальнай адказнасцю, штрафнымі санкцыямі, умоўным пакараннем, амністыяй. Разам з тым, такі закон павінен быць цвёрдым і адэкватным. Прыкладам, грамадзяне, якія ўваходзілі нават ва ўчастковыя выбарчыя камісіі ў акрэсленыя гады (умоўна кажучы 2000-2025 гады) павінны быць далей пазбаўлены пажыццёва права ўваходзіць у такія камісіі, а грамадзяне з кіраўніцтва камісіямі, якое непасрэдна ажыццяўляла фальсіфікацыі на месцах (а ў гэтым няма ніякага сумневу!) нават пажыццёва пазбаўленыя права голасу на ўсіх выбарах. З адпаведнай пячаткай ці штампам у пашпарце. І гэта будзе справядліва. Што датычыць розных іншых інстытутаў – корпуса суддзяў і работнікаў судоў, пракурорскага складу, работнікаў следчых камітэтаў – то тут павінен быць яшчэ большы дэталёвы паіменны падыход з юрыдычным вызначэннем віны ці невінаватасці.

фота ілюстрацыйнае
Таму, калі прыкладам Павел Латушка адкрыта заявіў, што ажно 80% чыноўнікаў пасля змены ўлады ў Беларусі застануцца на сваіх працоўных месцах, то гэта выглядае альбо такім падманным рэверансам у бок наменклатуры, альбо відавочнай несправядлівасцю і ніяк не можа задаволіць шматлікія катэгорыі рэпрасаваных і пацярпелых людзей. Таму што пераважная бальшыня чыноўнікаў сённяшняга рэжыму наўпрост ці ўскосна ўдзельнічалі ў рознага кшталту злачынствах. Зразумела, што частка прафесіяналаў, асабліва тэхнічных, павінна застацца на сваіх працоўных месцах, але, прыкладам, уся «ідэалагічная вертыкаль» павінна быць люстраваная на 100%. Закон аб люстрацыі павінен дакладна прапісваць усе катэгорыі тых, хто наўпрост ці ўскосна ўдзельнічаў у палітычным пераследзе і рэпрэсіях.
Зусім няпроста і з законапраектам «Аб палітычна рэпрэсаваных». Каб зняць многія пытанні, праваабарончай і грамадзянскай супольнасці варта было б у дадатак да тэрміну «палітычны вязень» («палітычна зняволены») укараніць у шырокі ўжытак так патрэбны панятак «палітычна рэпрэсаваныя». Гэта намнога больш шырокі ахоп усіх тых, каго ў той ці іншай ступені закрануў пераслед і ціск уладаў. Катэгорый фактычна рэпрэсаваных, пацярпелых і абмежаваных дзяржавай у правах з палітычных прычын досыць многа. У пераліку палітычна рэпрэсаваных сёння можна вылучыць наступныя катэгорыі:
1. Палітвязні. Гэта найбольш пацярпелая катэгорыя, менавіта тыя, хто знаходзяцца за кратамі ў зняволенні альбо ў месцах абмежавання волі. Частка з іх засуджана да канкрэтных тэрмінаў, іншая частка знаходзіцца пад так званым «следствам».
2. Тыя людзі, якія пакараныя судамі абмежаваннем волі без накіравання ва ўстановы «папраўчага тыпу» (так званая «хатняя хімія»), чалавек у такой сітуацыі шмат у чым абмежаваны, але ён знаходзіцца дома. Фактычна гэта таксама палітвязні.
3. Тыя людзі, якія адбылі свой тэрмін зняволення і ўжо выйшлі з карных установаў на свабоду. Некаторыя з іх застаюцца пад далейшай пагрозай, іншыя – выязджаюць (найчасцей змушаныя выязджаць) за мяжу.
4. Засуджаныя да тэрмінаў, якія былі змушаныя выехаць з Беларусі ў выніку карных прысудаў ці збеглі з месцаў зняволення.
5. Асобы, якія знаходзіліся пад пагрозай крымінальнага пераследу ў статусе падазраваных і з’ехалі за мяжу.
6. Асобы супраць якіх у час знаходжання за мяжой былі пачатыя крымінальныя справы і так званая завочная спецвытворчасць. Бальшыня з іх ужо засуджана завочна да вялікіх тэрмінаў зняволення і агромністых штрафаў. Маёмасць іх пад арыштам, канфіскаваная і прадаецца.
7. Людзі, якія пад пагрозай крымінальнага пераследу ў статусе падазраваных і застаюцца ў Беларусі.
8. Асобы, якія зазналі палітычны пераслед у выглядзе адміністрацыйнага арышту і штрафаў. Найбольш колькасная катэгорыя. Гэта напэўна ўжо дзясяткі тысяч людзей.
9. Людзі, якія ў выніку непасрэднага ціску (адміністрацыйныя арышты, адміністрацыйныя штрафы, выклікі на допыты як сведак з боку абвінавачаных па палітычна матываваных крымінальных справах) былі змушаныя з’ехаць з краіны.
10. Тыя асобы, што былі збітыя сілавікамі ў час жнівеньскіх падзей 2020 года на вуліцах гарадоў і пазней, але пазбеглі адміністрацыйнага і крымінальнага пераследу.
11. Людзі, якія былі звольненыя з працы паводле палітычных матываў.
12. Сваякі палітвязняў, якія былі закатаваныя да смерці ў зняволенні ці памерлі неўзабаве пасля вызвалення.

фота ілюстрацыйнае
Тут пералічана ажно 12 катэгорый пацярпелых, якія магуць патрапіць пад азначэнне «палітычна рэпрэсаваных». Гэтых катэгорый можа быць яшчэ больш (прыкладам сваякі найбольш пацярпелых ад пераследу), патрэбныя тут па кожнай катэгорыі дакладныя азначэнні і дэфініцыі. Паўстае пытанне таксама, хто возьмецца рабіць гэтую тытанічную працу па зборы, апрацоўцы інфармацыі і складанні такіх грунтоўных дэталёвых спісаў і кейсаў.
Закон «Аб палітычна рэпрасаваных» павінен дакладна класіфікаваць катэгорыі ўсіх пацярпелых, дыферэнцыяцыю, прыярытэты і паслядоўнасць матэрыяльнай ды іншай кампенсацыі.
Як ні горка і балюча ўсведамляць, але станоўчага грунтоўнага адказу на акрэсленыя тут праблемы і пытанні дэмакратычная апазіцыя і яе структуры дагэтуль ня маюць. Час «сартаваць камяні» мінае, а рухаў і захадаў па закладанні падмурка на будучае справядлівае ўладкаванне краіны амаль не відаць.
Закрануў у гэтым артыкуле я толькі асноўныя «балючыя кропкі», на многія пытанні цяжка адразу даць адказы, тым больш адназначныя. Таму хацелася б пачуць меркаванні з розных палітычных, грамадскіх, праваабарончых асяродкаў. Без нацыянальнай дыскусіі мы не наблізімся да выпраўлення памылак і справядлівых падыходаў.
Уладзімір Хільмановіч, публіцыст, праваабаронца