10 снежня ва ўсім свеце адзначаюць Дзень правоў чалавека. У Беларусі ж гэтая дата гучыць асабліва балюча: апошнія гады сталі часам сістэмнага і глыбокага крызісу ў гэтай сферы.

Як падкрэслівае праваабаронца Наталля Васілевіч з ініцыятывы «Хрысціянская візія», менавіта дзеянні дзяржавы сталі прычынай беспрэцэдэнтнага ўдару па абароне правоў чалавека ў Беларусі:
– Рэжым Лукашэнкі ад імя Рэспублікі Беларусь выйшаў з другога факультатыўнага пратаколу, які дазваляў звяртацца ў гэты Камітэт па правах чалавека для таго, каб індывідуальная скарга магла быць разгледжаная і было вызначана, ці было гэтае права парушанае ці не. Гэта пакінула нас па-за межамі ўсіх механізмаў абароны правоў чалавека.
Разам з тым Наталля Васілевіч нагадвае, што гэты дзень — прафесійнае свята для тых, хто працягвае стаяць на варце чалавечай годнасці і права:
– Для нас гэта натхняльны дзень, дзень сапраўды, які сведчыць пра тое, што нават пасля такіх жахаў таталітарызму, пасля сталінскага і таталітарызму 30-х гадоў, фашысцкага, нацысцкага таталітарызму, пасля страшнай Другой сусветнай вайны ўсё ж такі народы свету вырашылі стаць на іншы шлях, што кожны чалавек – гэта асоба.
Менавіта 10 снежня 1948 года Генеральная Асамблея ААН прыняла і абвясціла Усеагульную дэкларацыю правоў чалавека – дакумент, які ўпершыню на глабальным узроўні замацаваў неад’емныя правы, што належаць кожнаму незалежна ад расы, полу, веры, мовы, палітычных або іншых перакананняў, нацыянальнага ці сацыяльнага паходжання, маёмаснага ці іншага статусу.
Цалкам матэрыял:
Беларускае Радыё Рацыя






