BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

“Дзень Волі – свята, якое пад свае крылы збірае ўсіх беларусаў”

Дзень Волі ў Варшаве адзначыць у суботу, 28 сакавіка. Традыцыйна падзея пачнецца на плошчы Трох Крыжоў і будзе ўключаць шэсце, прамовы спікераў і культурную частку. Чакаюцца сёлета і новаўвядзенні. Пра іх і не толькі Госць Рацыі – суарганізатар івэнту, прадстаўнік Беларускай Асацыяцыі Палітвязняў «Да Волі» Алег Кулеша – распавёў нашай журналістцы Марыне Савіцкай.

Алег Кулеша
Алег Кулеша

РР: На якім этапе зараз знаходзіцца падрыхтоўка да Дня Волі ў Варшаве?

Алег Кулеша: Па-першае, гэта праца вядзецца ўжо даўно. Некалькі месяцаў плённай працы. Мы на фінальным этапе, мы ўжо фактычна падрыхтаваліся да Дня Волі і зараз ужо пачынаецца стадыя,  калі пачнецца піяр-кампанія, калі мы будзем тлумачыць людзям, куды трэба прыйсці, калі трэба сабрацца, што з сабою, акрамя прыемнага настрою, трэба мець.

РР: Што менавіта будзе сабой уяўляць падзея да Дня Волі?

Алег Кулеша: Ёсць у нас пэўныя змены ў гэтым годзе. Свае асаблівыя цікавосткі мы плануем зрабіць для таго, каб не выглядала шэсце крышку марудным. Пакуль не здымаецца пытанне з выкарыстаннем сцяга нашага – самага вялізнага ў Еўразвязе то гэта сто адсоткаў, а можа і ў свеце. І ў нас ёсць дазвол ад Музея Вольнай Беларусі, што мы маем права выкарыстоўваць яго толькі адзін раз на год. Ёсць пэўныя праблемы з гэтым, пакуль спрабуем вырашыць. Гэта ўжо адметная рыса Варшавы. І змены крышку адбудуцца на фінальнай кропцы. Я таксама лічу, што гэта будуць прыемныя змены, цікавыя людзям, таму што разглядаецца пытанне, каб зрабіць яшчэ і свой асаблівы нацыянальны кірмаш. Гэта, я лічу, паспрыяе святкаванню Дня Волі.

РР: Ці можна яшчэ камусьці далучыцца да гэтай падзеі?

Алег Кулеша: Так, безумоўна. Мы заўжды адкрытыя. Мы заўжды чакаем любую ініцыятыву, якая хоча далучыцца да стварэння гэтых шэсцяў. І я лічу, што нават патрэбна, каб людзі далучаліся.  У нас на сённяшні дзень ёсць пэўныя праблемы ў стасунках з бубначамі. Так ужо здарылася, але пэўная праца вядзецца і я лічу, што мы вырашым гэтыя праблемы.

РР: То бок, калі музыка – бубнач, то мае сэнс напісаць вам?

Алег Кулеша: Так, і на гэта спадзеў. І дарэчы, плён ад гэтага мы вам абяцаем адразу. Я хачу падкрэсліць, што Дзень Волі – гэта асаблівае свята. Гэта наш Дзень незалежнасці. Гэта наша адзінае свята, якое пад свае крылы збірае ўсіх беларусаў, нягледзячы на погляды, палітычныя меркаванні ды іншае. Гэта беларускае свята і яно будзе ў будучыні дзяржаўным святам, але для гэтага нам патрэбна яго зрабіць дзяржаўным святам.

Як прыклад таго, што плён ад такой супрацы будзе, да нас звярнуліся з Беластока з прапановай далучыцца да шэсця. І наколькі я ведаю, ідэя прымальная і разглядаецца так, каб людзі ўсё, што жадаюць, маглі цалкам правесці. То бок, плён будзе. Галоўнае – жаданне.

РР: Адметнасць яшчэ і  ў тым, што ў гэтым годзе ў вас з’явілася цэлая суполка, якая будзе назіраць за тым, што будзе адбывацца не толькі ў Варшаве, але і ў розных гарадах і краінах на чале з Паўлам Севярынцам.

Алег Кулеша: Я б не сказаў, што гэта суполка. Гэта хутчэй будзе нейкі штаб па аб’яднанні беларусаў свету. Гэта вельмі цудоўная прапанова. І тут перавагу можна аддаць Офісу Святланы Ціханоўскай, які заняўся гэтай працай. Трэба заўважыць, што зараз Павел Севярынец узяў на сябе даволі адказную працу, таму што пэўная частка беларусаў у розных краінах свету дзесьці мае стомленасць, дзесьці не разумее як распавеці пра тое, што робяць яны. Адбылося некалькі паседжанняў, дзе абмяркоўваюцца даволі сур’ёзныя пытанні. Бо ўжо даўно прыспеў час, каб усе нашыя агульныя святы, акцыі, мелі адзін выгляд. Мы павінны кансалідавацца ў гэтым кірунку. Мы не маем права губляць сваю нацыянальную адметнасць. У нас ужо распрацаваны аднолькавы візуал, яго могуць выкарыстоўваць усе беларусы свету. І тое, што створаны адпаведныя стасункі паміж гэтымі людзьмі, гэта спрыяе паляпшэнню сітуацыі беларусаў у свеце.

Цалкам гутарка:

Беларускае Радыё Рацыя