22 студзеня 2014 года ў Кіеве на вуліцы Грушэўскага падчас Еўрамайдану быў забіты гомелец Міхаіл Жызнеўскі. Жызнеўскі з’яўляецца Героем Украіны, званне яму было прысвоена ў 2017 годзе пасмяротна. Таксама ён пасмяротна ўганараваны Ордэнам Пагоні 24 лістапада 2022 года.
Пра героя Украіны згадвае гомельскі грамадскі актывіст Валеры Сляпухін у гутарцы з Юліяй Сівец.
РР: Як ты даведаўся пра смерць Міхаіла Жызнеўскага?
Валеры Сляпухін: Даведаўся праз СМІ. Здзіўленне было, што Міхась быў сярод першых загінулых, ён і грузін Нігаян. Двое гэтых маладзёнаў былі сярод першых загінулых на Майдане, тых, хто першым аддаў жыццё за тое, каб былі змены ва Украіне. Гэта быў шок, гэта было здзіўленне. Але было і пачуццё гонару, што беларус і грузін ва Украіне адстойвалі свабоду гэтай краіны. Гэта выбітна, што беларусы таксама зрабілі ўнёсак у незалежнасць Украіны.
РР: Якое ў Міхаіла было стаўленне да Беларусі?
Валеры Сляпухін: Ён патрыёт сваёй Радзімы. І ён быў упэўнены, што свабоду, незалежнасць Беларусі і Украіны трэба адстойваць. Але на той момант ён не адчуваў, што нейкія імпульсы адбываюцца ў Беларусі. Таму гэта быў адзін з момантаў, чаму ён пераехаў ва Украіну. Яму было больш утульна знаходзіцца ў асяроддзі аднадумцаў і патрыётаў. І ён быў пагружаны ў асяроддзе нацыянальнага адраджэння Украіны.
РР: Сёлета ў Кіеве плануюцца мерапрыемствы памяці Жызнеўскага.
Валеры Сляпухін: Так, яны адбываюцца кожны год. І за гэта павага нашаму суайчынніку Алегу Аўчыннікаву, які заўжды робіць напаміны пра Міхася і ладзіць акцыі памяці. За гэта яму шчырая павага ад усіх беларусаў.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле:
Беларускае Радыё Рацыя