Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі ў першым чытанні падтрымала наданне дзіцячым дамам пры манастырах статусу адукацыйнай установы, піша “Позірк”. Сярод іншага папраўкі прадугледжваюць укараненне новага віду сацыяльна-педагагічнай установы — «дзіцячы дом пры манастыры».

Эксперт Беларускага Хельсінкскага камітэта (БХК) юрыст-міжнароднік Кацярына Дэйкала 27 верасня на анлайн-прэзентацыі падрыхтаванага арганізацыяй агляду “Правы чалавека ў Беларусі: асноўныя трэнды дзяржаўнай палітыкі. Травень — жнівень 2024 года” адзначыла, што з’яўленне дзіцячых дамоў пры манастырах “стварае дадатковую ўразлівасць для дзяцей, якія і так цалкам залежаць ад дзяржавы і максімальна ўразлівыя”.
Пры гэтым, паводле яе слоў, улады прызнаюць, што гэтая практыка запазычаная ў Расеі, дзе праваслаўная царква “іграе вялікую ролю ў дзяржаўнай ідэалогіі, ідэалогіі “рускага свету” і прапагандзе (у тым ліку ваеннай)”.
Такія дзіцячыя дамы, упэўненыя ў БХК, “відавочна стануць інструментамі максімальнай індактрынацыі найбольш уразлівых груп дзяцей — дзяцей, якія знаходзяцца ў поўнай залежнасці ад дзяржавы”.