BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Дзіўныя гульні з пераапрананнем

Улады Беларусі ўсё-такі выпусцілі джына з бутэлькі. Доўгі час яны гуляліся ў маскарады з пераапрананнем у вайсковую форму, каб абудзіць дух мінулага. Спачатку гэта рабілася неахвотна, праз загады і зусім не масава. Пазней нават і разнарадкі не патрэбныя сталі. Як толькі набліжаліся майскія святы, прадстаўнікі ідэалагічнай вертыкалі, БРСМ і прафсаюзы кідаліся на склады шукаць рэквізіты савецкіх часоў, скураныя курткі, папахі, шынялі, ватнікі… Карацей, усё, каб перадаць дух камуністычнай эпохі. Моладзь у бутафорскай салдацкай форме спявае пад гітару песні пра перамогу, падглядаючы словы ў смартфонах. І цяпер дайшло да таго, што ў эксцэнтрычныя ролевыя гульні дарослых сталі прыцягваць дзяцей. У апошнія пару год не толькі школы і ПТВ, але і нават садочкі сталі спаборнічаць у тым, хто апране дзяцей у больш дзіўныя касцюмы… Карацей, калі праманіторыць дзяржаўную прэсу, то складваецца ўражанне, што манія пераапранання ахапіла ўвесь народ. Ужо нават працаваць часу няма, а толькі ездзіць на разнастайныя патрыятычныя злёты, каб прадэманстраваць вернасць курсу саміведаецекаго. Часам, праўда, імкненне дагадзіць начальству набывае зусім кур’ёзныя формы. Днямі работнікі аддзела культуры Калінкавіцкага раёна, прымаючы высокае начальства, апусціліся літаральна да першабытнага стану: улюлюкалі, абматаныя шкурамі, махалі палкамі і ладзілі рытуальныя карагоды. Не ведаем, што гэта мусіла сімвалізаваць. Відаць, тое, што з крэатывам у чыноўнікаў, якія жывуць непадалёку ад адной з самых старажытных стаянак дагістарычных людзей у Юравічах, усё ў парадку. Пачыналі з пераапрананняў у савецкую вайсковую форму, а дайшлі да першабытных чалавекаў. Здзівілі дык здзівілі.

Беларускае Радыё Рацыя