Гарадзенскі журналіст, палітвязень Дзяніс Івашын упершыню з часоў яго перабывання ў СІЗА Турмы №1 Гародні меў кароткатэрміновае спатканне з маці ў жодзінскай турме №8, куды яго перавялі ў чэрвені мінулага году з «папраўчай» калоніі №15 Магілёва, узмацніўшы рэжым з узмоцненага да строгага. Пра гэта паведаміла “Гарадзенская правабарона”.
Cустрэча доўжылася агулам каля 4 гадзінаў. Івашын заўважна схуднеў за час несправядлівага ўвязнення. Ніякіх іншых нараканняў на стан здароўя ў журналіста няма. Пры гэтым ён не губляе свайго звыклага аптымізму, упэўненасці, бадзёрасці духу. Падчас размовы палітвязень імкнуўся словам падтрымаць і падбадзёрыць маці.
Івашын заўважна схуднеў, што можа быць звязана з умовамі харчавання за кратамі, а таксама адсутнасцю магчымасці перадаць яму прадуктовую перадачу. Першай і другой рэжымнай перадачаў яго пазбавілі ў Магілёве, а строгі турэмны рэжым наагул забараняе прадуктовыя перадачы. Пакуль палітвязень можа атрымаць толькі адну рэчавую перадачу да 50 кг вагі на год або сам атаварыцца ў мясцовай турэмнай краме на 1 базавую велічыню або 40 беларускіх рублёў на месяц.
На рацыён жодзінскай турмы журналіст ніколі не скардзіўся. Наадварот, параўноўваючы яе з магілёўскай калоніяй, Івашын раней адзначаў у лістах і пацвердзіў пры сустрэчы, што мясцовым харчаваннем у цэлым задаволены. Не стае яму ў няволі толькі садавіны, гародніны, сала і зялёнай гарбаты, якую ён надта любіць.
Папярэдняе спатканне Дзяніса Івашына адбылося пасля так званага «разгляду апеляцыйнай скаргі на прысуд» 20 снежня 2022 года.