BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Дзяніс Кандакоў: Важна, што мы ёсць, што мы прысутнічаем

Пераважна з нагоды культурніцкіх івэнтаў збіраюцца разам беларусы ў Францыі. Аднак праз нешматлікасць дыяспары і вялікую адлегласць паміж гарадамі такія спатканні адбывацца нячаста. Пра тое, чым цяпер жывуць прадстаўнікі беларускай дыяспары ў французскай дзяржаве распавёў наш сённяшні Госць Рацыі, беларус з актыўнай грамадскай пазіцыяй Дзяніс Кандакоў. З ім гутарыла наша карэспандэнтка Аліса Поль.

РР: Якія тэмы, як вам падаецца, зараз важныя і прыярытэтныя, што вас турбуе?

Дзяніс Кандакоў: Думаю, што прыярытэтныя тэмы для беларусаў Францыі, у Літве, у Польшчы, у Чэхіі прыблізна аднолькавыя. Гэта, па-першае, заставацца разам, бачыць, што беларусы маюць сувязі паміж сабой, што яны застаюцца, калі не нацыяй, то прынамсі такой моцнай суполкай, як частка гэтай суполкі, якая раскіданая па ўсім свеце. І для гэтага ладзіць нейкія мерапрыемствы, якія, дарэчы, працягваюцца і ўжо сталі традыцыйнымі. Даволі рэгулярна ладзяцца набажэнствы непадалёк ад Парыжу, у сувязі са святамі, і набажэнства таксама звычайна ладзіцца па суботах. У гэты раз яно, напрыклад, было прымеркаванае да 9 траўня. Не столькі да таго Дня перамогі, як да свята Вялікадня і гэтага святога тыдня, які доўжыцца пасля. Збіраліся людзі разам на набажэнства, потым на невялікі пікнік, тым больш, што надвор’е спрыяла. Людзі хочуць збірацца разам і адчуваць патрэбу адзін у адным. І таксама з размоў з людзьмі вынікае, што гэта неабходна яшчэ для таго, каб не адчуваць сябе сам-насам з адміністрацыйнымі праблемамі, з праблемамі, якія турбуюць усіх, зразумела. Гэта віды на жыхарства, гэта пашпарты, тэрмін якіх ужо прыходзіць да заканчэння ды іншыя побытавыя праблемы.

Але ў першую чаргу – гэта адміністрацыйныя праблемы, з якімі людзям трэба жыць, якія, зразумела, не даюць стала атабарыцца ў краіне. Шмат хто з людзей з’язджае ў іншыя краіны, таму што не знаходзіць тут прытулку або атрымлівае адмову ў прытулку і г.д. Розныя ёсць гісторыі, не буду ўдавацца ў падрабязнасці, тым больш, што яны часцяком закранаюць індывідуальныя сітуацыі, пра якія не вельмі ёмка казаць публічна. Але гэта, мне здаецца, тое, што турбую перш за ўсё людзей у Францыі, але не толькі ў Францыі, па ўсім свеце, як мне падаецца.

РР: Можа вам вядома пра сустрэчы беларусаў, штосьці вы наведалі за апошні час?

Дзяніс Кандакоў: Вось гэта тое, пра што я казаў, гэта 9 траўня набажэнства і пікнік, якія ладзіліся. Была вялікая маніфестацыя ў Парыжы 24 лютага, тады было даволі шмат беларускіх сцягоў у гэтай хадзе, якая адбылася на знак пашаны да ўсіх ахвяраў, якія загінулі ва Украіне за гэтыя два гады, што доўжыцца вайна. Гэтае шэсце, як звычайна, было ад плошчы Рэспублікі да плошчы Бастыліі. І было вельмі прыемна, што пасярод украінскіх сцягоў было шмат беларускіх сцягоў. Там было некалькі дзясяткаў чалавек. Але важна, што мы ёсць, што мы прысутнічаем. Важна тлумачыць, бо да гэтага часу яшчэ шмат людзей, якія падыходзяць і пытаюцца, што гэта за бел-чырвона-белы сцяг.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: facebook.com