Былы беларускі палітвязень Дзяніс Князеў быў затрыманы ў верасні 2022 года і праз тры месяцы знаходжання на “Валадарцы” асуджаны да трох гадоў “хатняй хіміі”. Але вырашыў не адбываць пакарання і выехаў з Беларусі. Цікава тое, што асудзілі яго, фактычна, па даносе былой жонкі.
Пра сваю гісторыю нам распавёў “Госць Рацыі” – Дзяніс Князеў.
Дзяніс Князеў: У 2020 годзе я ўдзельнічаў у выбарах, галасаваў. Пачалося гэта ўсё значна раней, у 2010 годзе, калі была Плошча. Я таксама туды хадзіў, я бачыў, што там адбывалася, захаваў усе фотаздымкі, відэа. У 2020 годзе я хадзіў на подпісы за кандыдатаў. Потым, калі майго кандыдата пасадзілі ў турму, я пачаў хадзіць спачатку на дазволеныя мітынгі. Потым, калі стала адбывацца ўся гэта дзіч, я таксама прыняў удзел у астатніх мітынгах і быў разам з людзьмі.
РР: Калі не сакрэт, каго вы падтрымалі тады?
Дзяніс Князеў: Я вырашыў галасаваць за Бабарыку, але потым гэтыя кабінеты аб’ядналіся, таму Ціханоўская. У мяне захаваліся фотаздымкі, якія я адпраўляў у “Голас”.
РР: Фактычна гэтыя фотаздымкі сталі падставай для крымінальнай справы і затрымання?
Дзяніс Князеў: Спачатку мы не ведалі, што будуць людзі, якія будуць рабіць даносы і гэтак далей. У мяне няма Фэйсбуку, Інстаграма. Былі такія чаты, суполкі, быў бацькоўскі чат. У мяне вельмі шмат фотаздымкаў і відэа, але я выбраў некалькі такіх добрых фота і адправіў сваім знаёмым і сябрам. Гэта было дзеля таго, каб людзі ведалі, што я таксама прыняў удзел. Хтосьці хадзіў, хтосьці не хадзіў. Як адрозніць чалавека, хто прымаў удзел, а хто не.
РР: як гэтыя здымкі патрапілі да ГУБАЗіКу?
Дзяніс Князеў: У 2020 годзе мы яшчэ не ведалі, што ёсць такое паняцце, як “ябацькі”. Гэтыя фотаздымкі трапілі да майго сябра Андрэя Сумарэнкі. Спачатку ўсё было добра. Потым пачалася гэтая хваля затрыманняў. Людзі пачалі дзяліцца, грамадства пачало дзяліцца. Ён вырашыў, што я рабіў штосьці дрэннае. Мне здаецца, што гэта было на грунце зайздрасці. Мы з дачкой заўсёды дапамагалі гімназіі. З’явілася навіна, што ў нашай гімназіі пачынаюць збіраць грошы на клумбы. Мяне абвінавацілі, што гэта я. Усе ведалі, што мы з дачкой хадзілі на пратэсты, але абвінавацілі мяне, што я напісаў. Пачалася гэтая хваля, ён паўсюдна пачаў выкладваць гэтыя фотаздымкі. Яны трапілі да маёй былой дзяўчыны. Яна ў 2022 годзе з-за грошай, сказала што я экстрэміст. Яна выклала гэтыя фотаздымкі ў чат ГУБАЗіК у верасні. Нават у маёй крымінальнай справе ёсць скрыншоты з гэтага чату.
РР: То бок ваша былая дзяўчына фактычна на вас данесла?
Дзяніс Князеў: Так. Мы не ведалі, што так адбудзецца. Я папярэдзіў сваіх сяброў, дачка таксама пра гэта ведала. Але я не думаў, што яна пойдзе далей.
РР: Фактычна яна абвінаваціла вас у злачынстве? І сама здзяйсняла злачынства, бо гэта шантаж
Дзяніс Князеў: Так, ніхто не чакаў, што так адбудзецца. У верасні да нас прыйшла група захопу. Зламалі дзверы, я быў з дачкой. Яны не тэлефанавалі, не грукалі, проста зламалі дзверы, зайшлі з аўтаматамі, са шчытамі, з пісталетамі. Мабыць яны думалі, што я паляўнічы. Нават калі б я быў паляўнічым, то не ведаю, як гэта ўсё ўспрыняў. Яны некалькі разоў ударылі мяне перад дачкой. Паказалі фотаздымкі, сказалі збірацца. Таксама правялі вобшук, хацелі штосьці вынесці. Потым вырашалі куды дачку адвесці. Так пачалося маё затрыманне.
РР: Гэта ўсё адбылося на вачах вашай дачкі? Колькі ёй гадоў?
Дзяніс Князеў: Тады было адзінаццаць. Мяне пабілі, вазілі на Рэвалюцыйную, збівалі там. Збілі так, што ў мяне ногі пачалі падкошвацца. Павезлі па РАУСах. На Акрэсціна мне прысвоілі пазнаку, што я хацеў схавацца.
Цалкам слухайце ў далучаным гукавым файле:
Беларускае Радыё Рацыя