BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Дзянісу Дзікуну дадалі 2 гады калоніі па новай крымінальнай справе

У судзе Горацкага раёна 25 сакавіка вынеслі прысуд палітзняволенаму Дзянісу Дзікуну.

Яго абвінавацілі паводле ч. 2 арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі). Суддзя Наталля Фамічова прызначыла яму яшчэ два гады зняволення ў дадатак да 23 гадоў пазбаўлення волі. Палітвязень абскардзіў рашэнне суда.

У Магілёўскім абласным судзе 18 чэрвеня адбудзецца разгляд апеляцыйнай скаргі Дзяніса. Рашэнне будзе прымаць судовая калегія пад старшынствам суддзі Сяргея Каралёва.

Дзяніс Дзікун — жыхар Светлагорску, меў у горадзе невялікую краму. Затрыманы 4 сакавіка 2022 года за падпал 28 лютага на станцыі Жэрдзь — Астанкавічы рэлейнай шафы сігналізацыі, цэнтралізацыі і блакавання (СЦБ), у выніку чаго святлафоры і стрэлачныя пераводы на гэтым участку былі прыведзеныя ў непрацоўны стан. Перагон знаходзіцца на лініі Жлобін-Калінкавічы, якая затым працягваецца на Оўруч (Жытомірская вобласць Украіны).

Крымінальную справу супраць “светлагорскіх партызанаў” пачалі разглядаць 27 верасня 2022 г. у Гомельскім абласным судзе. Працэс у закрытым рэжыме вёў суддзя Анатоль Сотнікаў. 27 снежня 2022 года агучылі прысуд: Дзяніса Дзікуна асудзілі да 23 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.