У беларускіх школах заканчваецца навучальны год. Для выпускнікоў 9 і 11 класаў апошні званок празвініць 24 мая. Для іншых школьнікаў навучальны год скончыцца 31 мая. Наколькі пагоршылася сітуацыя з беларускай мовай за прамінулы навучальны год? І колькі рэальна школьнікаў скончыла школы з беларускай мовай навучання ў гэтым навучальным годзе?

На гэтыя і іншыя пытанні адказвае праваабаронца Ігар Случак у гутарцы з Юліяй Сівец.
Ігар Случак: Я бачу сістэмнае пагаршэнне сітуацыі з беларускай мовай у беларускіх школах і іншых навучальных установах. Напрыклад, у 2017 годзе 12% вучняў навучалася ў беларускамоўных школах. То зараз толькі 8% вучняў навучаецца ў беларускамоўных школах. А наогул, калі параўнаць, што было 10 год таму і зараз, то колькасць вучняў знізілася са 135 тысяч да 90 тысяч, якія вучацца на беларускай мове. То бок, на 35% за 10 год колькасць беларускамоўных навучэнцаў знізілася. У той час, як колькасць расейскамоўных за гэтыя 10 год павялічылася з 800 тысяч да 990 тысяч. Тут сістэмная праблема. Дзяржава стварае ўмовы, каб не дапускаць беларускамоўных дзяцей да беларускамоўнай адукацыі. І наогул стварае ўмовы для таго, каб беларускамоўная адукацыя не развівалася, а знікала.
РР: Ці ёсць у гарадах хоць адна беларускамоўная школа?
Ігар Случак: Я пра такія выпадкі не ведаю. Калі б такі выпадак быў, пра яго б усе казалі. Бо відавочна, што беларускамоўныя бацькі і актыўныя бацькі зараз у меншасці. І яны б такую падзею не прапусцілі. І я такую падзею не сустракаў. Бо я намагаюся адсочваць сітуацыю з мовамі навучання. І нават вось у гэтым годзе звярнуў больш увагу менавіта на беларускую мову ў адукацыі – не толькі школьнай, але і дашкольнай. І атрымоўваецца, што часам бывае, што дзесьці 20-40% садкоў лічацца беларускамоўнымі, але толькі 8% насамрэч беларускамоўныя. А ўніверсітэты наогул, пра гэта мы нават не гаворым, іх няма і вучыцца там 0% людзей па-беларуску.
Гэта было заўважана даўно, што пры дзеючым палітычным рэжыме, пры дзеючай дзяржаўнай моўнай палітыцы, дзе беларуская мова выцясняецца, прыкладна на 1% у год колькасць беларускамоўных дзяцей змяншаецца, якія вучацца ў беларускамоўных школах.
Цалкам гутарка:
Беларускае Радыё Рацыя