BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

«Дзве рэальнасці»

Вайна забірае жыцці і тэрыторыі, разбурае лёсы і псіхіку, агаляе самае ўзвышанае і самае ганебнае. Вайна вычарпуе, але яна не ў стане захапіць усю чалавечую прыроду. Гаворка не аб прызвычайванні да вайны або ўцёках ад рэчаіснасці з дапамогай злоўжыванняў, а аб унікальнай уласцівасці псіхікі – падвойным існаванні.

Barwy Ukrainy / Fot. B.Witkowski / UMB

Два гады цягнецца поўнамаштабная вайна ва Украіне, а таксама два гады з ёй суіснуюць звычайныя, простыя «чалавечыя рэчы»: людзі ўлюбляюцца, зайздросцяць, крыўдзяцца, захапляюцца, раўнуюць і мараць. Як ні парадаксальна, ва ўмовах вайны ў кожнага ідзе свая «будоўля»: будуюць планы, будуюць адносіны, як следства – будуюць радзіны. Паралельна вайне – не ў яе кантэксце. Бытавыя драмы адбываюцца як бы «над вайной» (натуральна, у тых выпадках і ў той час, калі не слыхаць выбухаў). Але як бы ні імкнуўся чалавек ад яе абстрагавацца, усё адно вайна пранікае ў жыццё тым ці іншым спосабам. Часцяком праз паняцце «самотнасць» і яго новыя формы: ваенная разлука, калі муж/жонка/партнёр знаходзіцца на фронце; страта блізкага чалавека з прычыны баявых дзеянняў; адчуванне пакінутасці тых, хто выехаў і апынуўся на чужыне, прычым не сам – самотнасць па-за краінай. Кожная з гэтых форм траўмуе па-свойму.

Іншую самотнасць перажываюць воіны на перадавой, але таксама ў іх ёсць асаблівае адчуванне салідарнасці і блізкасці з пабрацімамі. Настолькі моцнае, што, вяртаючыся да сваіх сем’яў, яны адчуваюць адчужэнне і самотнасць у звычайным свеце людзей. У любым выпадку, нават пры ўменні чалавечай псіхікі адначасова знаходзіцца ў ваеннай і даваеннай формах рэчаіснасці (а жыццё ж працягваецца!), кожны ўкраінец ужо пазначаны вайной – хоча ён таго ці не.

Ліза Ахроменка. Беларускае Радыё Рацыя