У многіх краінах Еўропы ў другую нядзелю траўня адзначаюць Дзень Маці. Хаця ў Польшчы і ў Беларусі гэтае свята мае фіксаваную дату — 26 траўня і 14 кастрычніка адпаведна. Культ маці існаваў яшчэ з часоў старажытных цывілізацый. Менавіта маці, а не жанчыны наогул. Некалькі дзесяцігоддзяў былі спробы аб’яднаць Міжнародны жаночы дзень з Днём маці, але гісторыя і сам сэнс двух свят адрозніваюцца, таму менавіта “матчын дзень” атрымаў асобную дату.
На жаль, не ўсе ўкраінскія маткі ў свята могуць абняць сваіх дзяцей: нехта ваюе за Радзіму, а нехта за яе загінуў; нечых дзяцей выкрала Расея і незаконна вывезла на сваю тэрыторыю, а нечых – спячымі – забіла бомбамі і ракетамі. Ёсць маці-ваяўніцы, якія на фронце разам з нечымі сынамі і дочкамі бароняць і аберагаюць кожны сантыметр сваёй зямлі. Таму што для ўкраінцаў маці – Берагіня. Як старажытная багіня-заступніца дома і ўвасабленне мацярынства.
У гэты дзень многія ўкраінкі атрымліваюць кранальныя відэа з віншаваннямі ад сваіх дзяцей – украінскіх вайскоўцаў, проста з фронту. Слова “мама” падобна гучыць на многіх мовах. Лічыцца, што яно паходзіць ад першых гукаў, якія выдае дзіця. Гэтае слова дакладна так сама гучыць і на мове акупантаў. І гэтак жа ўмела яны выкарыстоўваюць гэтае слова ў якасці лаянкі, якая пранікла, як ракавая пухліна, у мовы іншых народаў. Дзве сутнасці аднаго слова.
Ліза Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя