З мінулага позняга вечара ўсе пільна сачылі за тым, што адбудзецца ў Ізраілі. Ці нанясе ўдар Іран ці не?
І Іран атакаваў: 185 ударных беспілотнікаў, 36 крылатых ракетаў, 110 балістычных ракетаў. Калі верыць ізраільскім уладам, то сістэма супрацьпаветранае абароны (СПА) перахапіла 99% адсоткаў з пералічанага. У той жа час іранскі бок заяўляе пра знішчэнне важных вайсковых мэтаў на тэрыторыі Ізраіля.

Эдуард Юдовін, што жыве ў Ізраілі ўжо 9 гадоў падзяліўся думкамі пра сітуацыю. Ён перабраўся туды з Беларусі. Музычнай супольнасці ён вядомы як ветэран віцебскага андэрграўнду, лідар групы „Алмазны фронт“.
РР: Разумею, што вы не вайсковы эксперт, але каму тут больш давяраць у лічбах?
– Учора а 8 ці а 9 гадзіне нам паведамілі, што з Ірана ляціць шмат дронаў. Адразу паветраныя войскі ЗША пачалі збіваць іх над тэрыторыяй Іраку і Сірыі. Да мяжы Ізраіля амаль нічога не даляцела. Крылатыя ракеты выпусцілі пазней, але іх удалося збіць за межамі Ізраіля. А многа балістычных ракетаў даляцела. СПА збіла іх на вялікай тэрыторыі ад Ерусаліма да Мёртвага мора, нават далей. Некалькі аскепкаў трапіла на тэрыторыю вайсковай базы; вёску, параніўшы дзяўчынку; горад на тэрыторыі Ізраіля, што населены арабамі, але пашкоджанняў няма.
РР: Дзякуй Богу. А як вы правялі гэтую ноч? Спалі ці глядзелі трансляцыю, што праводзіў Барыс Штэрн, наш былы суайчыннік?
– Глядзеў, як Барыс Штэрн вядзе эфір, гэта вельмі цікава.
РР: Згодны з вамі. Калі прааналізаваць тое, што вы сказалі, калі параўнаць з Украінай, што ледзь не штодня таксама зазнае падобныя атакі, змешаныя з дронаў і ракетаў, тут усё ж такі дзеі хаўруснікаў былі больш салідарныя? З дакладнасцю да 100% амаль, ці можна такое канстатаваць?
– Можна. Нават далучылася Іярданія, што ніякі не хаўруснік Ізраілю. Над ейнай тэрыторыяй паветраныя сілы збівалі дроны і нават крылатыя ракеты.
Беларускае Радыё Рацыя






