Ідзе працэс легалізацыі беларускіх экс-палітвязняў у Польшчы. У гэтым спрыяюць лакальныя улады. Аб’яднаны пераходны кабінет паведамляе, што ў Польшчы распачата працэдура легалізацыі ў дачыненні да 83 вызваленых у снежні беларусаў.

Палітыкі і праваабаронцы фіксуюць і іншыя праблемы – гэта ціск на былых беларускіх палітвязняў, кажа намеснік старшыні Аб’яднанага пераходнага кабінету і кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення – Павел Латушка.
-Былыя палітзняволеныя, у якіх засталіся дзеці ў Беларусі, і яны не могуць уз’яднацца. Палітзняволеным, у якіх муж ці жонка да гэтага часу знаходзіцца ў турме, іх выкінулі. Як ім уз’яднацца? Вяртацца не могуць. Ужо ёсць інфармацыя, што рэжым узбуджае крымінальныя справы ў адносінах да тых, каго вызваліў, альбо нават аб’явілі ў вышук асобу, якая была вызваленая ў гэтым спісе. То бок, ён нібы ўцёк.

Факты фіксуюць і праваабаронцы, якія займаюцца дапамогай палітвязням. Ціск на сям’ю, асабліва калі яна ў Беларусі, не спыняецца, кажа прадстаўніца праваабарончай ініцыятывы Марына Касінерава:
-Вось мяне вывезлі, а ці магу я вярнуцца назад у Беларусь, каб усё ж такі застацца там побач са сваімі дзецьмі, са сваёй сям’ёй? І гэта вялікае пытанне, таму што атрымліваецца, што не. Бо гэта не першая хваля людзей, якіх вывезлі па-за межы Беларусі. Шмат да каго ўжо прыходзяць супрацоўнікі КДБ, супрацоўнікі міліцыі, да сваякоў, якія засталіся ў Беларусі, шукаюць гэтых людзей, якіх самі ж улады Беларусі вывезлі з краіны.
Іншыя пытанне, над якім працуюць у АПК – забяспечыць візы для сваякоў і сем’яў былых палітвязняў, каб была магчымасць для некаторых уз’яднацца з сям’ёй, іншым сустрэцца з роднымі.
Беларускае Радыё Рацыя






