BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Экс-супрацоўніц Tut.by Лойку, Талкачову і Ткачэнку вырашылі судзіць завочна

Раней паведамлялася, што судовы працэс пачнецца ў Менскім гарадскім судзе 15 ліпеня 2024 года. Суд перанеслі і прызначылі іншую суддзю, піша baj.media.

Былых супрацоўніц TUT.by — галоўную рэдактарку палітыка-эканамічнага блока TUT.by Вольгу Лойка, рэдактарку аддзела нерухомасці Алену Талкачову і юрыдычную кансультантку Кацярыну Ткачэнка — абвінавачваюць паводле чатырох «палітычных» артыкулаў Крымінальнага кодэкса РБ:

  • частка 3 артыкула 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці ці варажнечы),
  • часта 2 артыкула 243 (у старой рэдакцыі КК — ухіленне ад выплаты падаткаў),
  • частка 1 артыкула 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх),
  • частка 3 артыкуа 361 (заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы).

Суддзёй па справе з’яўлялася Валянціна Зянькевіч, якая ў 2023 годзе прыгаварыла галоўрэда TUT.by Марыну Золатаву і гендырэктара ТАА «ТУТ БАЙ МЕДЫЯ» Людмілу Чэкіну да 12 гадоў пазбаўлення волі.

Зараз весці працэс прызначаная суддзя Алена Шылько, суд над супрацоўніцамі TUT.by будзе завочным, бо абвінавачаныя знаходзяцца па-за межамі Беларусі.

10 красавіка 2023 года Менскі гарадскі суд аштрафаваў на 500 базавых велічынь кожнага паручыцеля Талкачовай і Лойка, якія пакінулі Беларусь пасля вызвалення з СІЗА. Паручыцелямі Талкачовай з’яўляліся палітолаг Яўген Прэйгерман і на той момант дэпутат Палаты прадстаўнікоў Валерый Варанецкі, Лойка — старшыня Рэспубліканскага саюза прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў Аляксандр Швец.

Партал TUT.by быў разгромлены ўладамі ў траўні 2021 года. Частка каманды, якая засталася на волі, вымушана пакінула краіну і ў ліпені 2021-га стварыла праект zerkalo.io. У Беларусі яго кантэнт прызнаны «экстрэмісцкімі матэрыяламі».

У чэрвені 2023 года Вольга Лойка заснавала ў эміграцыі аўтарскі медыяпраект Plan B, які асвятляе падзеі ў Беларусі.