23 ліпеня 2021 года ў Беларусі пачалася масавая ліквідацыя недзяржаўных арганізацый, Міністэрства юстыцыі падало пазовы на ліквідацыю больш як 50-ці грамадскіх арганізацый.

Вольга Смалянка
Пра падзеі таго часу згадвае дырэктарка і экспертка Lawtrend Вольга Смалянка:
– Гэта былі не першыя рэпрэсіі, якія ўжылі ў адносінах да грамадзянскай супольнасці. Да 2021 года беларускія некамерцыйныя арганізацыі ўяўлялі сабой даволі моцны сектар. Было зарэгістравана шмат некамерцыйных арганізацый у разнастайных формах. Гэта былі грамадскія аб’яднанні, фонды, установы вельмі розных накірункаў дзейнасці, былі зарэгістраваныя праваабарончыя арганізацыі.
Па яе словах, падзеі ліпеня 2021 года не былі першай хваляй рэпрэсій у дачыненні да беларускіх НДА:
– Было дзве хвалі вобшукаў у нашых некамерцыйных арганізацыях. У лютым 2021 першая хваля вобшукаў у адносінах праваабарончых арганізацый, Беларускай асацыяцыі журналістаў. У ліпені 2021 года была другая хваля вобшукаў, пасля якой многія прадстаўнікі арганізацый грамадзянскай супольнасці з’ехалі, былі вымушаныя пакінуць Беларусь. Пасля другой хвалі вобшукаў, якая была 14-16 ліпеня 2021 года, у 20-х чыслах мы даведаліся, што пачалася яшчэ і масавая ліквідацыя некамерцыйных арганізацый.
Экспертка кажа, што з таго часу было ліквідавана амаль 1500 арганізацый і ўстаноў у Беларусі, аднак ёсць яшчэ грамадскія арганізацыі, якія да сёння працуюць у Беларусі.
Беларускае Радыё Рацыя