Група незалежных экспертаў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый выказала занепакоенасць працягам парушэнняў свабоды аб’яднанняў у працоўных стасунках у Беларусі, паведаміла прэс-служба ўпраўлення вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека.

Эксперты заклікалі ўрад краіны “паўнавартасна супрацоўнічаць” з упраўленнем вярхоўнага камісара, праваабарончымі механізмамі ААН, Міжнароднай арганізацыяй працы і яе назіральнымі органамі “для забеспячэння правоў чалавека ў дачыненні да лідараў і членаў незалежных прафсаюзаў”.
“Беларусь павінна спыніць рэпрэсіі ў дачыненні да членаў незалежных прафсаюзаў, якія таксама лічацца праваабаронцамі, — адзначылі яны. — Краіна павінна неадкладна вызваліць усіх лідараў і членаў прафсаюзаў, пазбаўленых волі за ажыццяўленне свайго права на свабоду слова, сходаў і аб’яднанняў, а таксама скасаваць заканадаўства ды іншыя меры, якія перашкаджаюць дзейнасці незалежных прафсаюзаў”.
Група экспертаў занепакоеная тым, што незалежныя прафсаюзы ліквідаваныя і прылічаныя да “экстрэмісцкіх арганізацый”.
Беларускае Радыё Рацыя






