У нашым эфіры пабываў палітычны аналітык Паўлюк Быкоўскі.

– Калі браць першыя падзеі гэтага года, то ў нас адбыліся выбары ў Палату прадстаўнікоў і мясцовыя саветы ў лютым. Таксама ў красавіку прайшло першае скліканне Усебеларускага народнага сходу, які ўжо меў новыя канстытуцыйныя паўнамоцтвы. Дзяржаўныя СМІ тады актыўна прасоўвалі наратывы пра дэмакратычнасць беларускай палітычнай сістэмы, падкрэсліваючы яе ўнікальнасць і сапраўдную народную ўладу як альтэрнатыву заходнім мадэлям.
– У гэты перыяд з’явіўся новы прапагандысцкі тэрмін – “электаральны суверэнітэт”. Яго актыўна выкарыстоўваў старшыня ЦВК Ігар Карпенка, падкрэсліваючы, што Беларусь будзе праводзіць выбары незалежна ад замежных ацэнак. Гэта суправаджалася абвінавачваннямі на адрас Захаду ў спробах дэстабілізацыі сітуацыі. Концэпцыя электаральнага суверэнітэту, якая была апрабавана падчас адзінага дня галасавання ў лютым, разглядаецца як падрыхтоўка да новага падыходу ў правядзенні выбараў у Беларусі ў цэлым, уключаючы магчымую рэпетыцыю прэзідэнцкіх выбараў.
– На саміх прэзідэнцкіх выбарах пра электаральны суверэнітэт згадвалі менш. Запрашалі замежных назіральнікаў, але толькі з “сяброўскіх” краін, такіх як СНД, або міжнародных арганізацый, лаяльных да рэжыму. Назіральнікаў з Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЕ, якія спецыялізуюцца на выбарах і праваахоўнай сістэме, не запрасілі.
– Сярод важных падзей года можна адзначыць і кадравыя змены. 27 чэрвеня Дзмітрый Крутой быў прызначаны кіраўніком Адміністрацыі прэзідэнта. Раней ён займаў пасаду пасла ў Расеі, а да гэтага быў намеснікам міністра, затым міністрам эканомікі. Яго месца заняў Ігар Сяргеенка, які цяпер абраны спікерам Палаты прадстаўнікоў.
– Такім чынам, з 2020 года ключавыя пазіцыі займаюць не сілавікі, а прадстаўнікі адміністрацыйна-кіраўніцкага апарату. Гэта можа сігналізаваць пра імкненне рэжыму паказаць партнёрам за мяжой намеры нармалізацыі сітуацыі і паляпшэння эканамічных і міжнародных адносін. Аднак у статусе саўдзельніка ў расейска-украінскай вайне такія намеры выглядаюць сумніўнымі.
– Сярод іншых знакавых падзей адзначаецца вяртанне ў Беларусь Наталлі Пяткевіч, якая раней займала важныя пазіцыі ў працы з Захадам. Яе прысутнасць у кіруючай абойме выклікала размовы пра магчымыя змены ў палітычнай сітуацыі, уключаючы масавае вызваленне палітвязняў. Але, нягледзячы на некаторыя акты памілаванняў, колькасць рэпрэсаваных не зменшылася, і рэпрэсіі працягваюцца.
– Таксама адбываецца пэўнае перафарматаванне прапагандысцкай машыны. У навінавых выпусках менш выкарыстоўваюцца фігуры кшталту Рыгора Азаронка, якія адкрыта прапагандавалі мову варожасці і пагрозы. Замест гэтага створаны асобны тэлеканал “Першы інфармацыйны”, а таксама відэахостынг “ВідэаБелт”. Аднак пакуль цяжка сказаць, наколькі гэтыя платформы здольныя прыцягнуць аўдыторыю.
– Усё гэта адбываецца на фоне пастаянных рэпрэсій і запужвання, якія застаюцца характэрнымі для палітычнага клімату Беларусі.
Беларускае Радыё Рацыя






